ЦВК рыхтуецца, што конкурс на выбарах складзе 5 чалавек на дэпутацкае месца

ЦВК рыхтуецца, што конкурс на выбарах складзе 5 чалавек на дэпутацкае месца

Ліберальна-дэмакратычныя партыя заяўляе, што выставіць 110 кандыдатаў — па адным на кожную выбарчую акругу. І тое ж абяцае грамадскае аб’яднянне “Белая Русь”, што ў іх будзе 110 сваіх кандыдатаў. На фоне такіх заяў не зусім зразумелымі выглядаюць нараканні “Белай Русі” на тое, што яны — не палітычная партыя. У чым розніца?

Калі браць тэхнічны бок, то тут два важныя моманты. Першы ў тым, што:

“Кандыдатаў у дэпутаты ад грамадскіх аб’яднанняў вылучаць нельга, ім такога права не прадстаўлена, — тлумачыць старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. — Толькі кандыдаты ад палітычных партый могуць вылучацца, вось і ўся розніца”.

Але розніца гэтая на самой справе не надта сур’ёзная. Проста, калі кандыдатаў ад партыі абіраюць на партыйных сходзе — партыя ім даручае змагацца да дэпутацкі мандат і гарантуе ў гэтай барацьбе сваю падтрымку, то ў другім вырадку спачатку “добры чалавек” заяўляе пра сваё жаданне балатавацца, а ўжо потым грамадскае аб’яднанне заяўляе пра яго падтрымку.

Што праўда, усё гэта бюракратычныя хітрыкі. На пасяджэнні Рэспубліканскага савета “Белай Русі” 18 чэрвеня гучыць заява: “На выбарах “Белая Русь” гатовая падтрымаць сваіх прадстаўнікоў па усіх 110 акругах”. І ў “Белай Русі” ўжо цяпер ведаюць гэтых сваіх прадстаўнікоў. Толькі імёны не агучваюць: найперш, тыя прадстаўнікі павінны вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты — альбо самастойна, альбо ад працоўнага калектыву. А тады ўжо “Белая Русь” агучыць, каго падтрымлівае.

Яшчэ адно адрозненне — збор подпісаў.

Ярмошына: “Партыйны кандыдат нічога не збірае — гэта самае лёгкае вылучэнне. Яго вылучыў З’езд партыі, і ўсё”.

Астатнія “непартыйныя кандыдаты” мусяць сабраць за сваё вылучэнне па тысячы подпісаў. Праўда, у улікам таго, што “Белая Русь” — аб’яднанне кіраўнікоў і дзяржслужбоўцаў рознага ўзроўню, то сабраць гэтыя подпісы не праблема. Асабліва калі іх вылучае калектыў, які патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты і ўзначальваюць.

Што праўда, вопыт папярэдніх парламенцкіх выбараў паказвае: падтрымка праўладнай “Белай Русі” — яшчэ не гарантыя дэпутацтва. Па словах прэс-сакратара гэтай грамадскай арганізацыі Яўгенія Белавусава, на парламенцкіх выбарах 2012 года “Белая Русь” падтрымала 83 кандыдатаў. З іх толькі 70 былі зарэгістраваныя кандыдатамі, а 63 сталі дэпутатамі.

З іншага боку, ні ЛДПБ, ні дэмакратычныя партыі не атрымалі ніводнага мандата. Пры тым, што за мандаты змагалася 70 кандыдатаў ЛДПБ, 35 — ад АГП, 30 — ад Партыі БНФ і гэтак далей.

Выглядае на тое, што сёлетнія выбары будуць багатыя на кандыдатаў. Як ужо паведамляла Еўрарадыё, толькі ад дэмакратычных (і блізкіх да іх) сіл плануюць пазмагацца за дэпутацкі мандат каля 500 чалавек. А яшчэ ўлічыце кандыдатаў ад “Белай Русі” і іншых праўладных структур кшталту Камуністычнай, Аграрнай ці Сацыяльна-спартыўнай партыі. І дадайце самавылучэнцаў. Проста нейкі аншлаг!

Цэнтрвыбаркам мала хвалюе, якім будзе конкурс на дэпутацкае крэсла, спакойна адказвае Лідзія Ярмошына.

Ярмошына: “Мы ж кандыдатам грошы больш не даём, таму не робім нават прыблізнага разліку, што іх будзе столькі. Ну, мы, у прынцыпе, зрабілі яго — па колькасці падпісных аркушаў. З разліку, здаецца, па пяць кандыдатаў на выбарчую акругу. Але гэта так, арыфметычна, каб падпісных аркушаў хапіла”.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі