ЦВК знайшоў спосаб пазбаўляцца ад “лішніх” назіральнікаў яшчэ да выбараў

За тры месяцы да мясцовых выбараў Цэнтрвыбаркам уводзіць новую бюракратычную працэдуру для назіральнікаў. Каб працаваць на выбарчых участках, ім трэба будзе праходзіць акрэдытацыю.

“Калі раней такі канфлікт узнікаў, назіральніка выдалялі з пасяджэння, але наступным разам ён мог прыйсці”

Ці стане акрэдытацыя тым інструментам, які дазволіць уладам прыбіраць надакучлівых назіральнікаў з участкаў? Намеснік старшыні ЦВК Мікалай Лазавік упэўнены, што “ніякіх зменаў не адбылося”. Ён распавядае Еўрарадыё, што акрэдытоўваць назіральнікаў будуць там жа, дзе раней рэгістравалі: у выбарчых камісіях.

Мікалай Лазавік: “Працэдура такая ж. Толькі, калі раней у Выбарчым кодэксе не было такога паняцця — акрэдытацыя — дык цяпер уведзенае гэтае паняцце. Назіральнік дакладна так жа, атрымаўшы накіраванне ад сваёй партыйнай арганізацыі, працоўнага калектыву ці групы грамадзян, прыйдзе ў выбарчую камісію. Дзяжурны па камісіі возьме ў яго дакументы і ўнясе яго прозвішча ў журнал. І з гэтага моманту ён можа назіраць”.

Па словах Лазавіка, ніякіх дадатковых абмежаванняў для назіральнікаў у Выбарчы кодэкс не ўводзіцца. Не з’явіцца і новых прычын, праз якія можна выдаліць назіральніка з участка. Чым жа акрэдытацыя адрозніваецца ад рэгістрацыі?

Мікалай Лазавік: “Адзіная розніца можа быць, калі канфлікт узнік падчас пасяджэння камісіі яшчэ да дня галасавання. Калі раней такі канфлікт узнікаў, назіральніка выдалялі з пасяджэння, але наступным разам ён мог прыйсці. А цяпер ён пазбаўляецца акрэдытацыі і на наступнае пасяджэнне не прыйдзе. Ён пазбаўляецца акрэдытацыі на ўвесь астатні час, уключна са днём галасавання”.

Такім чынам, назіральнікам трэба быць больш асцярожнымі падчас працы на датэрміновым галасаванні. Пазбаўленне акрэдытацыі дае магчымасць пакінуць асабліва актыўных назіральнікаў па-за ўчасткамі яшчэ да дня выбараў.

“Назіральнікі ад канкуруючых кандыдатаў кантралююць адно аднаго”

“Я спачатку думала, гэта выбаршчыкі прыйшлі так рана, да адкрыцця ўчасткаў. А аказалася, што гэта столькі назіральнікаў прыйшло!” — распавядае Еўрарадыё дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Паліціка.

Назіральнікі ловяць ахвочых набыць галасы, спыняюць “каруселі”, фатаграфуюць спісы няшчырых выбаршчыкаў і прымушаюць выбарчыя камісіі прызнаваць парушэнні. Але гэта не ў Беларусі.

У нядзелю “давыбары” народных дэпутатаў прайшлі ва Украіне. Вольга Паліціка ў складзе міжнароднай місіі была назіральніцай у Чаркасах, дзе было зарэгістравана ні многа, ні мала — 16 кандыдатаў у Вярхоўную Раду.

“Прысутнічае маса назіральнікаў. Прычым, як унутраных, ад палітычных партый, ад кандыдатаў, прадстаўнікоў прэсы, так і міжнародныя назіральнікі. Яны кантралявалі не толькі ўчастковую камісію, але і адно аднаго, калі гаворка ішла пра назіральнікаў ад канкуруючых кандыдатаў”.

Вольга наведала 12 участкаў у Чаркасах і ніякіх парушэнняў не заўважыла. Таму вельмі здзівілася, калі ў вечаровых навінах іншыя назіральнікі згадвалі пра парушэнні: “Нібыта я з іншага горада прыехала!”

“У выніку, яго аднаго стала вельмі шмат, і яго выставілі за дзверы”

Вялікая колькасць назіральнікаў надае выбарам аб’ектыўнасці. Але ў Беларусі назіральнік ад канкрэтнага кандыдата — хутчэй, выключэнне. Збольшага незалежныя назіральнікі прадстаўляюць грамадскія арганізацыі, таму пра канфлікты паміж імі гаварыць не даводзіцца.

Але выпадкі, калі назіральнікаў выдаляюць, не такія ўжо рэдкія. Мікалай Лазавік прыгадвае, як у Гомелі падчас леташніх выбараў у парламент з участка “папрасілі” Анатоля Паплаўнага, які абурыўся адсутнасцю адной са скрыняў для датэрміновага галасавання.

Мікалай Лазавік: “Гэта было ў дзень выбараў прыкладна ў 18:00. Назіральніку патлумачылі, што галасаванне на даму працягваецца да 20:00, хаця прыём заявак сапраўды перапыняецца ў 18:00. Але ён працягваў размахваць пасведчаннем і фотаапаратам: “Я зафатаграфую!” У выніку, яго аднаго стала вельмі шмат, і яго выставілі за дзверы”.

Калі б ва Украіне з участкаў выдалялі кожнага, хто размахвае пасведчаннем і робіць фотаздымкі, ужо праз гадзіну пасля пачатку выбараў там не засталося б нікога, акрамя сяброў выбарчай камісіі.

Фота: nv-online.info.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі