"Цяпер ніхто не будзе ствараць рэжыму твар": як НДА рэагуюць на разгром

"Можа, хопіць здзекавацца? Мы працуем!" / Еўрарадыё​
"Можа, хопіць здзекавацца? Мы працуем!" / Еўрарадыё​

"Учора мне споўнілася 33 гады, а сёння стала вядома, што менавіта ў мой дзень нараджэння Мінгарвыканкам вынес пастанову аб ліквідацыі платформы "ИМЕНА" ў пазасудовым парадку", — піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўніца медыяплатформы Кацярына Сінюк.  

23 ліпеня стала вядома, што "ИМЕНА", якія вось ужо пяць гадоў дапамагаюць беларусам вырашаць іх сацыяльныя праблемы, ліквідаваныя. Разам з імі ўлады закрываюць больш за сорак няўрадавых грамадзянскіх арганізацый, якія гадамі дапамагалі дзяржаве рабіць тую грамадска значную працу, да якой у яе не даходзілі рукі.  

"У 2002-2004 гадах ужо ліквідавалі сотні грамадскіх арганізацый, якія бурна развіваліся ў "цёмныя і жудасныя" 90-я", — успамінае праваабаронца таксама закрытай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казлюк, аптымістычна дадаючы, што "трагедыі не адбылося".   

"Не перасталі працаваць тады і працягнем працаваць цяпер", — абяцаюць у камандзе "Прэс-клуба", пра ліквідацыю якога Еўрарадыё паведамляла раней. 

Як яшчэ рэагуюць беларускія НДА на спробу ўладаў пазбавіцца ад іх?

"Теперь никто не будет создавать режиму лицо": как НГО реагируют на разгром
Кацярына Сінюк / "Прэс-клуб"

Будзем змагацца дзеля тых тысяч людзей, якім мы з вамі патрэбныя

Кіраўніца медыяплатформы "ИМЕНА" Кацярына Сінюк: 

— Афіцыйна абгрунтаванне рашэння гучыць так: "Ажыццяўленне некамерцыйнай арганізацыяй, створанай у форме ўстановы або асацыяцыі (саюза), дзейнасці, якая не адпавядае мэтам і прадмету дзейнасці, названым у статуце такой арганізацыі". 

Безумоўна, мы будзем аспрэчваць гэтае рашэнне і лічым яго неабгрунтаваным. Мы рыхтуем пазоў у суд.

Мы будзем змагацца дзеля нашых праектаў, дзеля тых тысяч людзей, якім мы з вамі патрэбныя. Дзеля вас, сябры, дзясяткаў тысяч чалавек, якія нас падтрымліваюць ужо шмат гадоў і дзякуючы якім у нас атрымалася зрабіць столькі добрага і важнага.

Дарэчы, "ИМЕНАМ" сёлета споўнілася 5 гадоў. І так выйшла, што мы як раз падрыхтавалі для вас спецпраект пра тое, чаго нам усім разам удалося дасягнуць за гэтыя гады і жыццё колькіх людзей змяніць да лепшага.

"Теперь никто не будет создавать режиму лицо": как НГО реагируют на разгром
Аляксей Казлюк / Фэйсбук

"Вясной", якую закрылі раней, цяпер ганарыцца ўся краіна

Аляксей Казлюк, праваабаронца Human Constanta:

— Многія мне пішуць словы падтрымкі (і нават шкадавання), убачыўшы навіну пра ліквідацыю беларускай установы Human Constanta. І ў навінах гэта таксама падаецца як нейкая трагедыя. Я б не хацеў змяншаць злачынствы рэжыму, але ў разгроме грамадзянскай супольнасці ліквідацыя некалькіх дзясяткаў юрыдычных асоб займае вельмі сціплае месца, асабліва ў параўнанні з арыштамі калегаў, ператрусамі і паляваннем на журналістаў і актывістаў.

Ва ўмовах непрацоўных прававых інстытутаў легальны статус некамерцыйных арганізацый ужо з мінулага года страціў усякае значэнне. Хіба што дабрачынныя і іншыя гуманітарныя арганізацыі шкада, ім сапраўды важна было мець магчымасць афіцыйна гаварыць з рэшткамі дзяржаўнага апарату. 

Пасля 2004 года зарэгістравацца ў якасці ГА было практычна немагчыма. 

Толькі ў 2009-м прэзідэнцкім дэкрэтам дазволілі рэгістраваць установы ў паведамляльным парадку, не спецыяльна, а ў парадку лібералізацыі ўмоў для бізнесу. І тое апошнія гады вынаходзілі палкі ў колы ў выглядзе працэдуры ўзгаднення назваў установы, праз якую далёка не ўсе праходзілі. А "Вясна", якой цяпер ганарыцца ўся краіна, нагадаю, пасля незаконнай ліквідацыі ўсе гэтыя гады працавала без рэгістрацыі, нават пад пагрозай крымінальнага пераследу па нядаўна адмененым 193-1 КК.

Дык вось, трагедыі не адбылося. Зарэгістраваная арганізацыя — гэта толькі інструмент, а працу робяць людзі. І пакуль людзі жывыя, на волі, здаровыя фізічна і ментальна, некамерцыйны сектар і грамадзянская супольнасць існаваць будуць.

"Теперь никто не будет создавать режиму лицо": как НГО реагируют на разгром
Пётр Кузняцоў / Фэйсбук

Проста існаванне чагосьці незалежнага ў Беларусі не дае дзяржаве спакойна жыць

Заснавальнік гомельскага сайта "Моцныя Навіны" Пётр Кузняцоў:

— Ліквідацыя нашай установы аказалася толькі адной з першых ластавак перад вялікім і скаардынаваным ударам па легальнасці грамадзянскага сектара ў цэлым. Сёння ўлады ліквідавалі дзясяткі іншых НДА.

Нехта ўспрымае гэта балюча, нехта — у меншай ступені... 

Тое, што адбываецца сёння, — добрая ілюстрацыя і адказ усім тым, хто ў апошнія тыдні будаваў канспіралогію пра тое, як незалежныя медыя душацца ці то на замову Масквы, ці то перад чымсьці вельмі важным і патрэбным. Можа, і на замову, можа, і перад чымсьці, аднак звярніце ўвагу: пасля шквалу ператрусаў, арыштаў, закрыццяў сёння надыходзіць дзень фактычнай ліквідацыі грамадзянскай супольнасці — і менавіта ў гэты дзень праходзіць нарада пра ўраджай. Вось у гэтым уся спецыфіка і ёсць. Яшчэ з таго моманту, калі ў дачыненні да буйнога рытэйлера было ўжытае слова "выразаем", а пасля ў адрас СМІ і грамадства загучала "зачыстка", стала зразумела: проста сама наяўнасць нечага незалежнага, якое жыве ў гэтай краіне, не дае некаторым людзям спакойна спаць і займацца сваімі справамі...

Цягам доўгіх гадоў апалітычнасці беларускага грамадства, калі пытанні палітыкі і ўлады абмяркоўваліся толькі ў вузкім інфармацыйным "гета", у адказ на ўсе рэплікі накшталт той, што "ва ўладзе ідыёты", я заўсёды казаў, што там працуюць зусім не дурні. Дзесяцігоддзямі рэжым умела маніпуляваў грамадствам і яго актыўнымі групамі, сутыкаў ілбамі, правакаваў канфлікты, і ўсё гэта рабілася паддыванна, непрыкметна, але прыводзіла да таго, што практычна ўсе групы і інстытуцыі былі самі па сабе, былі ў нейкай ступені скампраметаваныя і ніхто не разглядаўся як альтэрнатыва.

Цяпер поўнае ўражанне, што курс узяты роўна адваротны: усё робіцца не скальпелем, а дубінай, і робіцца такім чынам, што я вось успамінаю сцэну з "Месца сустрэчы змяніць нельга". Там Жаглоў і Шарапаў злосна спрачаюцца ў аўтобусе, калі едуць на складаную і смяротна небяспечную аперацыю — "Фокса браць". Але па прыездзе шафёр Капыцін ім кажа: "Ідзіце, спрачальнікі. Там вас паміраць".

Якія б ні былі рознагалоссі паміж такімі рознымі людзьмі, як Жаглоў і Шарапаў, перад абліччам смяротнай пагрозы мірацца ўсе. І ў Беларусі цяпер ёсць сілы і ахвочыя, якія, з энергіяй і запалам, вартымі лепшага прымянення, "міраць" рафінаваных інтэлігентаў і сялян, ІП і медыйшчыкаў, грамадскіх актывістаў і рабочых. 

На самай справе — каласальная праца па кансалідацыі нацыі перад абліччам адной, усё больш агульнай праблемы.

"Теперь никто не будет создавать режиму лицо": как НГО реагируют на разгром
Яраслаў Бекіш / Еўрарадыё

Гэта якраз тое, што трэба, каб краіна змянілася

Заснавальнік медыяпраекта "Зялёная Сетка" Яраслаў Бекіш:

— Я рады, што цяпер грамадскія лідары, якія вымушаныя былі ў сілу рэгістрацыі і абставінаў дапамагаць рэжыму, ствараць яму твар пры яго несумленнай гульні, робяцца свабоднымі. Цяпер яны змогуць сфакусавацца на асноўных каштоўнасцях грамадзянскай супольнасці: празрыстасць прыняцця рашэнняў, удзел у гэтых прыняццях рашэнняў грамадзян без падкантрольнасці ўладам. 

Гэта якраз тое, што трэба, каб краіна змянілася і рэжым Лукашэнкі нарэшце абрынуўся. Таму, як бы ні было балюча за сяброў і былых калег з прычыны хвалі ператрусаў, я лічу, што добра, што гэта адбылося. Ліквідацыя грамадзянскіх ініцыятыў аслабляе рэжым больш, чым сам рэжым аслабляе грамадзянскую супольнасць. Наадварот, гэта толькі ўзмацняе грамадзянскую супольнасць.

"Теперь никто не будет создавать режиму лицо": как НГО реагируют на разгром
Каманда "Прэс-клуба" / Фэйсбук

Не перасталі працаваць раней і працягваем цяпер

Заява каманды "Прэс-клуба":

— Сёння раніцай мы, каманда "Прэс-клуба", даведаліся, што Мінгарвыканкам пачаў працэс ліквідацыі "Культурна-асветніцкай установы "Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб", роўна як і дзясятка іншых беларускіх арганізацый.

Мінгарвыканкам пачаў працэс 22 ліпеня, у дзень, калі споўнілася 7 месяцаў з моманту арышту членаў нашай каманды — дырэктаркі Юліі Слуцкай, праграмнай дырэктаркі Алы Шарко, аператара Пятра Слуцкага і фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага. Тады ж былі арыштаваныя нашы рахункі і апячатаны офіс.

Але мы не перасталі працаваць тады і працягнем працаваць цяпер, нягледзячы на ўсе перашкоды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі