Цяжарная беларуска не можа вылецець з Мілана, білет быў на 12 сакавіка

У аэрапорце / Еўрарадыё​
У аэрапорце / Еўрарадыё​

Цяжарная беларуска не можа вылецець з Мілана ў Мінск. Рэйс у дзяўчыны быў запланаваны на 12 сакавіка. Цяпер ёй давядзецца праз паўкраіны ехаць у Рым і вяртацца на радзіму адным з апошніх рэйсаў, які "Белавія" здзейсніць з Італіі перад трохтыднёвым перапынкам.

Анастасія (імя зменена па просьбе дзяўчыны) — маладая вучоная, працавала па гадавым кантракце ў Трэнта на поўначы Італіі. Правінцыя знаходзіцца паміж Венета і Ламбардыяй, дзе выяўлена больш за ўсё выпадкаў заражэння каранавірусам. У Трэнта, па словах дзяўчыны, вірус распаўсюджваецца не так хутка.

 

Беременная белоруска не может улететь из Милана, билет был на 12 марта

"У краме намалявалі лініі, каб наведвальнікі захоўвалі дыстанцыю і не набліжаліся блізка да касы. Стаяць паліцэйскія і робяць заўвагі. У аптэках даўным-даўно няма масак. Пры гэтым на сайце пасольства Беларусі ў Італіі пазначана, што прыём грамадзян магчымы толькі ў масках. Але дзе іх узяць, калі няма?" — расказвае Анастасія.

Апошнім часам Насця старалася паменш выходзіць з дому, таму што чакае дзіця і баіцца заразіцца. Тэрмін — 10 тыдняў. Нараджаць будучая мама вырашыла ў Беларусі. Да таго ж нядаўна ў яе скончыўся кантракт, і па законе з Італіі трэба з'ехаць.

 

Беременная белоруска не может улететь из Милана, билет был на 12 марта
Трэнта / orangesmile.com

Дзяўчына загадзя купіла білет на самалёт "Белавія" на 12 сакавіка. Кожны дзень сачыла за навінамі: баялася, што рэйс адменяць. Так і выйшла: за два дні да вылету Насця даведалася, што наступны рэйс з Мілана — праз тры тыдні.

"Я цяжарная, у мяне скончыліся віза і грошы, — піша Насця ў авіякампанію. — Мне на лаўцы ў парку спаць да 4 красавіка?"

У "Белавія" беларусцы прапанавалі паляцець з Рыма 11 або 13 сакавіка. Праўда, адразу папярэдзілі, што, улічваючы сітуацыю, рэйсы таксама могуць быць адмененыя. Таму лепш ляцець як мага раней. Дзяўчына пабаялася, што за суткі не паспее дабрацца да Рыма, і на сваю рызыку памяняла білет на 13 сакавіка.

"Цяпер трэба браць білет і ехаць праз усю заражаную Італію, на цягніку, — разважае Насця. — Дзе жыць у Рыме? У гатэлі? Напэўна, там таксама можна заразіцца. І я не ведаю, ці аплацяць мне хоць бы дарогу. Маё пачуццё справядлівасці падказвае, што павінны. Але хто? У пасольстве Беларусі ў Італіі сказалі звяртацца ў авіякампанію. У "Белавія" спачатку здзівіліся, маўляў, якое дачыненне мы маем да перамяшчэння па Італіі. Потым прапанавалі па вяртанні звярнуцца да іх пісьмова. Я, вядома, напішу".

За перамяшчэнне па Італіі без важкай прычыны цяпер можна атрымаць штраф, а калі ў чалавека да таго ж знойдуць каранавірус — можна рыхтавацца да турмы. Каб даехаць да Рыма, дзяўчына запоўніла так званую самадэкларацыю, дзе апісана важкая прычына для перамяшчэння па краіне. У любы момант яе можа запатрабаваць мясцовая паліцыя. Калі прычына здасца недарэчнай — штраф.

 

 

Беременная белоруска не может улететь из Милана, билет был на 12 марта
Так выглядае бланк самадэкларацыі

"У "Белавія" кажуць, што гэтую дэкларацыю трэба атрымліваць у мясцовых аддзяленнях паліцыі, але, хутчэй за ўсё, там нешта блытаюць, — папярэджвае Насця. — У паліцыі мне сказалі, што дазволаў не выдаюць. А дэкларацыю можна спампаваць з інтэрнэту — мне яе даслалі дзяўчаты з суполкі "Беларусы ў Італіі". Запоўніўшы яе, вы пацвярджаеце, што ў вас ёсць падставы (не дазвол!) на выезд".

Дзяўчына разумее, што шукаць вінаватых у гэтай сітуацыі бескарысна. Але не ўяўляе, як бы дабіраліся да Рыма і дзе б начавалі людзі, калі б яны апынуліся ў падобнай сітуацыі без запасу грошай.

У "Белавія" Еўрарадыё не сталі каментаваць, колькі беларусаў затрымалася ў Італіі з-за адмены рэйсаў.

 

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі