Цёплая зіма зрабіла зніжку на ацяпленне ў кватэры на 25 тысяч рублёў
Добра, што не было марозу, бо тарыфы выраслі.
У аддзеле па добраўпарадкаванні Мінскжылкамгаса Еўрарадыё заўважаюць, што ў гэтым годзе да зімы былі гатовыя. Да сапраўднай зімы.
"Пашчасціла, канечне, што не было такога снегу, як у мінулым. Але і мы рыхтаваліся. Калі было многа снегу, ён неяк выпаў адразу, нават бухгалтэрыя выходзіла прыбіраць. Гэта была асабістая ініцыятыва, калі не хапала людзей, — у аддзеле па добраўпарадкаванні спадзяюцца, што мінулагодняга "Хаў'еру", які накрыў Беларусь 15 сакавіка, не паўтарыцца. — Нашыя работнікі ўжо пачалі суботнікі, двары прыбіраюць, газоны чысцяць".
У ЖРЭА Партызанскага раёна Мінска на пытанне, ці ўдалося неяк зэканоміць на бясснежнай зіме, абураюцца. Якая эканомія, калі дворнікам не даплацілі заробак!
"На чым? На людзях?! Вунь у дворніка быў бы заробак чатыры мільёны, а тут без снега ледзь тры наскрэблі! А вы кажаце, эканомія! Узімку дзейнічаюць іншыя расцэнкі, чым улетку, і аб'ем працы большы, таму і заробак большы", — заўважаюць у ЖРЭА. Ніякай выгады ад таго, што снегу не было, тут не адчулі.
У "Мінcкамунцепласетках" любыя лічбы даць адмаўляюцца. Таму інфармацыю пра эканомію на цёплай зіме даведваюся ў звычайным разлікова-вылічальным цэху ЖЭСаў №№ 9 і 124 Ленінскага раёна сталіцы. Тапілі сапраўды менш.
"Дык у снежні — плюсавая тэмпература, зараз во плюсавая тэмпература. Толькі ў студзені было холадна. Вось гляджу адрас — на ацяпленне кватэры ў 87 квадратаў пайшло 1,65 гігакалорыі, а ў гэтым студзені — 1,595 гігакалорыі. Яшчэ адна кватэра — 1,773 гігакалорыі, а сёлета — 1,447 гігакалорыі. Не трэба быць надта разумным, каб зразумець, што эканомілі на ацяпленні", — але ў разлікова-даведкавым цэнтры дадаюць, што жыхары наўрад ці заўважаць гэтую эканомію - выраслі тарыфы.
За мінулы год за 1 гігакалорыю ў студзені плацілі 63 150, а роўна праз год — ужо 80 570 рублёў. Адна гігакалорыя за год падаражэла на 28%. Такім чынам, ацяпленне ва ўзгаданай кватэры падаражэла на 5 тысяч рублёў! Каб не цёплая зіма, магло на 30 тысяч. Добра, што не было марозу!