Цырульні адбілі кліентаў у хімчыстак і абутковых майстэрняў

Майстэрні па рамонце абутку і хімчысткі наведвае ўсё менш людзей, а цырульні працуюць з ранейшым поспехам і чакаюць буму бліжэй да Новага года Напярэдадні Калядаў і Новага году шмат прадпрыемстваў службы быту адчулі, што кліентаў у іх стала меней. Супрацоўніца сталічнай хімчысткі "Ззянне" скардзіцца, што людзі адкладаюць грошы на святы і зусім не жадаюць хімічна чысціць свае рэчы.

Супрацоўніца хімчысткі: "Нашмат менш людзей звяртаецца. Прыёмшчыцы, з якога месяца ў нас адток? Ну, месяц дык дакладна. У лістападзе быў адток. У кастрычніку яшчэ не дрэнна, у лістападзе дрэнна, а зараз увогуле — каравул: у два разы менш. Грошай у людзей няма, усе рыхтуюцца да Новага году, да святаў сталы накрываць".

Майстар з рамонту абутку "Абцасік" ад самага ранку амаль без працы: да яго сёння звярнуліся толькі два чалавекі. У тым, што кліентаў стала значна менш, майстар вінаваціць цырульні, якія паадкрываліся на кожным кроку.

Майстар: "Ведаеце, зараз паток людзей зменшыўся. Зараз праз кожныя сто метраў то цырульня, то рамонт абутку. У нашым доме ўвогуле тры цырульні, прыкіньце. Была адна, дык яшчэ дзве адкрыліся. Вось мы з 8 гадзіны раніцы сядзім — і толькі два чалавекі прыйшло, а раней зранку нашмат больш людзей было".

Еўрарадыё спытала ў адміністратара цырульні "Мара", ці праўда, што людзі зараз спускаюць грошы на стрыжкі. Выявілася, што гэта не зусім так. Хаця плынь жадаючых прывесці сябе ў парадак не зменшылася, усё ж людзі чакаюць сярэдзіны месяца, каб навесці марафет перад святамі. Каб пастрыгчы ўсіх ахвотных, цырульня нават збіраецца працаваць без выходных.

Адміністратар: "На сённяшні дзень больш кліентаў не стала. Чакаюць сярэдзіны месяца, каб прывесці сябе ў парадак перад святамі. Але прыходзяць стабільна: у першай палове дня менш, у другой, пасля працы, больш. Рост пачнецца дзесьці з 14 снежня, калі пачнуцца карпаратыўныя вечарынкі. Прычым запіс на канец месяца ўжо ідзе, і вельмі дынамічна. Дарэчы, мы з 20 снежня да Новага году будзем працаваць без выходных".

Спадзяемся, што пасля святаў, калі беларусы запэцкаюць свае дываны ды адзенне, а таксама стопчуць у танцах абцасы, у хімчыстак з абутковымі майстэрнямі зноў з'явіцца праца.

Фота — ucheba.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі