"Дачка не збіралася зрываць маску": пасля акцыі на Юлю завялі "крыміналку"
Вось так...
26-гадовая архітэктарка Юлія пасля акцыі пратэсту каля Мінскага абласнога суда стала фігуранткай крымінальнай справы. Яе падазраюць у спробе нападу на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкодзіць яго прафесійнай дзейнасці. Юліі пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Раніцай 11 верасня ля суда сабраліся людзі, якія падтрымліваюць шахцёраў з "Беларуськалія", якія бастуюць. Каля 11:00 пад'ехаў мікрааўтобус, з яго выйшлі невядомыя, пачаліся затрыманні.
"Яны не прадставіліся, нічога не сказалі, адразу пачалі забіраць людзей, — распавядае Еўрарадыё пра дзеянні сілавікоў маці дзяўчыны Алена. — Спачатку затрымалі хлопца, які трымаў нейкую таблічку, завялі ў аўтобус, пасядзелі хвілін 10-15, выйшлі і накіраваліся ў бок маёй дачкі і яе хлопца. Яны ішлі з выразнай мэтай забраць некага".
Па словах Юлі, на гэтую акцыю яна трапіла выпадкова. Праходзячы міма суда, яны з хлопцам спыніліся спытаць, чаму сабраліся людзі.
"Дачка не збіралася зрываць маску, — настойвае Алена. — Яна хацела адцягнуць увагу, каб не забралі яе хлопца. Людзі знаходзіліся пад эмоцыямі. Проста забіраюць на вуліцы — незразумела навошта і куды. Думаю, у Юлі было рэфлекторны стан абараніць. Так атрымалася, што маска зачапілася, і дачка яе зняла".
Маці Юлі даведалася аб затрыманні ад сяброўкі дачкі. Алена кажа, што да нядаўніх часоў была апалітычным чалавекам, па чатах не сядзела. Яна выхоўвае траіх дзяцей, і ўсе клопаты звязаныя з гэтым. У той дзень у яе падскочыў ціск, таму яна не паехала ў міліцыю адразу — трымала сувязь праз сваякоў хлопца, якія дзяжурылі там. Ноччу яго перавезлі ў ЦІП на Акрэсціна.
"Назаўтра мы пачалі шукаць Юлю ў спісах ІЧУ, але яе там не было. Зноў пачалі абзвоньваць усіх. Толькі ў суботу [12 верасня. — Еўрарадыё] яна трапіла на Акрэсціна, то-бок ноч правяла ў Ленінскім. Адваката, з якім мы падпісалі дамову, да яе адразу не пусцілі. Там быў нейкі іншы спачатку. З усіх папер Юля пры нашым адвакаце падпісала толькі пратакол аб затрыманні", — працягвае Алена.
Праз трое сутак дзяўчыну вызвалілі. Яна распавяла родным, што ставіліся да яе ў міліцыі і ў ІЧУ нармальна, не білі. Затрыманне было самым жорсткім момантам з таго, што яна перажыла. Маці дзяўчыны вельмі ўдзячная валанцёрам, якія дзяжураць суткамі на Акрэсціна і дапамагаюць зарыентавацца там, кажа, што "пацалавала б ім ногі".
Зараз ідзе расследаванне справы па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Юля ходзіць на допыты. Сваякі і адвакат дзяўчыны шукаюць сведак затрымання. Па словах Алены, усе сведкі, з якімі ўжо ўдалося пагаварыць, як адзін распавядаюць: "Невядомыя не прадставіліся, дакументы не паказалі, папярэджання разысціся мірна не было. Проста выйшлі і сталі затрымліваць".
"Мы знаходзімся ў баявым настроі. Лічым, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў здзейснена не было і што судзіць няма за што", — падсумоўвае Алена.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.