Дарашэвіч: Бітву за людзей інтэрнэт ужо амаль выйграў у тэлебачання
Колькасць карыстальнікаў інтэрнэта ва ўзросце 15-74 гадоў у Беларусі вырасла да 4 мільёнаў 856 тысяч.
Па дадзеных gemiusAudience за ліпень 2013 года гадавы рост аўдыторыі склаў 12,9%. Максімальны рост быў у другой палове 2012 года, цяпер пачаўся сезонны спад.
Вось што распавёў Еўрарадыё кіраўнік праекта Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч:
"Вырасла і дзённая аўдыторыя — колькасць людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам штодзень. Гэта вельмі аптымістычна. Калі летась у чэрвені карыстальнікаў было каля 2,5 мільёнаў, то цяпер каля трох мільёнаў — істотна выраслі дзённыя аўдыторыі. А з ростам аўдыторыі расце і час, які людзі праводзяць у інтэрнэце. Бітву за людзей інтэрнэт ужо амаль выйграў у тэлебачання".
Цяпер ідзе барацьба за час, які людзі праводзяць у інтэрнэце. Вядома ж, што 3 мільёны — гэта менш, чым у тэлебачання, тым больш, што гэта аўдыторыя ўсіх сайтаў разам, а не аднаго. У тэлебачання аўдыторыя пакуль большая, але яна будзе змяншацца, дадае Міхаіл Дарашэвіч.
Фота — ria.ru