Дар’я Домрачава можа прапусціць увесь наступны сезон?
Праз монануклеоз, які ў яе знайшлі. Праўда, у Беларускай федэрацыі біятлона кажуць, што інфармацыя пра магчымае прыпыненне выступаў заўчасная.
Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава можа прапусціць увесь наступны сезон. Цяпер трохразовая алімпійская чэмпіёнка і ўладальніца Вялікага крышталёвага глобуса не трэніруецца. На аднаўленне спартсменкі можа спатрэбіцца да трох месяцаў, паведамляе тэлеканал “Беларусь 1”.
Раней Міжнародны саюз біятланістаў апублікаваў каляндар Кубка свету сезона 2015/2016 і чэмпіянату свету ў Халменколене. Паводле гэтага раскладу, першыя гонкі новага сезона павінныя адбыцца 29 лістапада.
Як паведамляла Еўрарадыё, Дар’я Домрачава сама нядаўна паведаміла, што ў яе знайшлі монануклеоз.
Намеснік старшыні Беларускай федэрацыі біятлона Юрый Альберс паведаміў БЕЛТА, што інфармацыя пра магчымае прыпыненне выступаў Домрачавай заўчасная і гэта толькі дапушчэнне. Паводле яго словаў, Дар’я працягвае курс лекавання ад віруснага захворвання, вострая стадыя якога мінула. “Канчаткова ўсё стане вядома пасля поўнага медыцынскага абследавання. На дадзены момант Домрачава знаходзіцца за мяжой, дзе працягвае лекаванне і трэніруецца. Нагрузкі для Дар’і, згодна з рэкамендацыямі лекараў, зніжаныя, але лідар зборнай падтрымлівае форму”, — адзначыў чыноўнік Беларускай федэрацыі біятлона.
Фота: Еўрарадыё і Instagram