Дашкевіч: Пасля вяселля нарывацца па драбязе ўжо не выпадае (фота, відэа)
Зміцер і Наста плануюць адзначаць дзве гадавіны вяселля – вянчанне, а таксама роспіс у гарадзенскай турме 26 снежня.
Як вернікі, Зміцер і Наста Дашкевічы ўважаюць за сапраўдны пачатак сямейнага жыцця не дзяржаўныя фармальнасці, а вянчанне ў царкве. Дарэчы, менавіта царква Яна Прадвесніка ўзяла на сябе ўсе арганізацыйныя клопаты. Госці ў адзін голас адзначалі, што вяселле прайшло як і мае быць – весела, нязмушана і запамінальна.
Наста Дашкевіч: “У нас будзе, я думаю, дзве гадавіны вяселля. І 26 снежня – той дзень, калі мы цудам адно аднаго пабачылі. Мы не лічым яго вясельным днём, але гэта таксама пачатак нашай сям’і. І таксама свята адбылося, лічыце, праз 9 месяцаў – 31 жніўня. Па-сапраўднаму нашая сям’я створана сёння”.
Шлюбны здымак маладых
Зміцер Дашкевіч, як ужо многія паспелі заўважыць, захаваў добрае пачуццё гумару – нягледзячы на вялізныя выпрабаванні за тры гады ў турмах. На многія пытанні ён адказвае іранічна. Кажа, пачуццё гумару ратавала і за кратамі. І прыводзіць прыклад.
Зміцер Дашкевіч: “Выклікае мяне ў Мазыры – у адной з такіх беснаватых калоніяў – намеснік начальніка. Знайшлі ў камеры на стале лязо ад станка – на зоне такія завуць “мойка”, ім зэкі звычайна ўскрываюць вены. Кажа: “Пішы тлумачэнне!”. Я адказваю, што не буду. Ён зноў: “Давай, пішы!” Адказваю: “Паслухай, я табе сказаў, што нічога пісаць не буду”. У яго пена проста з роту, маўляў, як ты з працаўнікамі адміністрацыі, кодэксы парушаеш!.. Я яму кажу: “Дык я думаў, мы ўжо кенты з табой, недзе гарбату папівалі, што ты мне тут “тыкаеш”!.. Ён у шоку, бо перад ім зэкі прывыклі поўзаць – ад яго залежыць, што чалавек заедзе з 10 гадамі, а дзякуючы яму 5 можа пакінуць. Так што недзе трэба па-сур’ёзнаму, а недзе трэба і пажартаваць, розныя сітуацыі бываюць…”
Зміцер распавядае, як рабіў Насці прапанову:
З маладафронтаўцамі розных гадоў
Зміцер Дашкевіч прызнаецца, што пасля вяселля адчувае сябе зусім па-іншаму і лезці на ражон не плануе.
Зміцер Дашкевіч: “Я з аднаго боку не збіраюся нарывацца, лезці на ражон... Адная справа, калі я быў нежанаты: мог увогуле на гэты надзор не ісці, шашкі нагала ў любы момант… Канешне, тут ужо зусім іншая адказнасць – па нейкай драбязе нарывацца ўжо не выпадае. З іншага боку, некуды глыбока зашывацца я таксама не збіраюся”.
На тое, што маладыя сцішацца, вельмі спадзяецца і бацька Насты Уладзімір Палажанка. За час змагання дачкі за сваё шчасце ён перанёс два інфаркты… Але адмаўляе, што замест аднаго няўрымслівага чальца сям’і цяпер будзе мець пару.
З бацькам Насты Уладзімірам Палажанкам
Уладзімір Палажанка: “Я б не сказаў, што цяпер у мяне такая пара будзе… Так, Настачка была крыху клапатлівая дзяўчынка… Але цяпер яны ўступілі ў якасна новае жыццё. Вядома, я спадзяюся, што яны стануць больш самавітымі, будуць надзяляць больш увагі адно аднаму, чым пытанням палітычнай актыўнасці”.
Вяселле прайшло ў нефармальнай атмасферы на свежым паветры
Наста Дашкевіч прызнаецца, што хоць гэта і гучыць дзіка, але менавіта турма з’яднала іх са Змітром і прывяла да стварэння сям’і.
Наста Дашкевіч: “Я ўпэўнена, што ўсё спрыяе, усё на карысць. Напэўна, апошняя турма дапамагла зразумець і мне, і Змітру, што адно без аднаго жыць не можам. І тады, калі мы апынуліся па розных камерах – зразумелі, што ў нас забралі самае істотнае ў нашым жыцці. Але як бы ні радавалася ўся гэтая сістэма зла – для нас гэты час зняволення Змітра таксама быў па-свойму блаславёны”.
Першы танец маладых:
Першы танец маладых
Бліжэйшыя паўгода Зміцер будзе знаходзіцца пад наглядам міліцыі – ад 20 гадзіны вечара да 6 раніцы ён мусіць быць дома і адмыкаць дзверы на першае патрабаванне. Таксама яму нельга ў гэты перыяд без дазволу пакідаць межы Мінска.