Дэлегацыя ЗША: Пацяплення адносінаў у выніку візіту ў Мінск не адбылося
Прадстаўнікі ўраду ЗША шукалі магчымасці для ўзаемадзеяння, але не забываліся нагадваць пра правы чалавека і наяўнасць палітвязняў у нашай краіне
Прадстаўнікі Агенцтва па міжнародным развіцці, Дзярждэпартамента і Мінабароны ЗША амаль тры дні знаходзіліся ў Мінску. Кажучы афіцыйнай мовай, прадстаўнікі ўраду ЗША “разглядалі магчымасці двухбаковага ўзаемадзеяння ў галінах, якія прадстаўляюць двухбаковы інтарэс”.
Магчымасці гэтыя разглядаліся падчас сустрэч у беларускім МЗС, Мінабароны, Мінэканомікі і Мінадукацыі. Тым не менш амерыканцы засталіся вернымі сабе.
“Падчас нашых сустрэч мы падкрэслівалі нашу даўнюю заклапочанасць адносна сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратычнымі нормамі ў Беларусі, выкананне якіх неабходнае для бяспекі і росквіту гэтай краіны”, — заўважае намеснік адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці Пэйдж Александэр.
Пэйдж Александэр
Не засталася па-за ўвагай амерыканскай дэлегацыі і праблема беларускіх палітзняволеных. Як прызнаецца намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Меліа, ён асабіста агучыў яе падчас сустрэчы ў беларускім МЗС.
Томас Меліа: “Іх пазіцыя (беларускіх уладаў — Еўрарадыё) вось ужо некалькі гадоў застаецца нязменнай, яны працягваюць называць гэтых людзей “так званымі палітычнымі зняволенымі” і заява, зробленая беларускім бокам учора (падчас сустрэчы ў МЗС — Еўрарадыё), адлюстроўвае разыходжанні, якія ёсць у нашых пазіцыях па гэтым пытанні”.
Томас Меліа
Сустракаліся прадстаўнікі ўраду ЗША і з беларускімі вайскоўцамі і “падзякавалі ім за ўдзел у такіх міжнародных дамовах, як “Дамова аб адкрытым небе” і “Партнёрства дзеля міру”. Таксама “выказалі задавальненне тым, што Беларусь не прызнала анексію Крыма, і што Мінск пагадзіўся прыняць у сябе сустрэчу па пошуку шляхоў украінскага канфлікту”. Праўда, сам украінскі канфлікт і яго магчымыя небяспекі для нашага рэгіёна сябры дэлегацыі абмяркоўваць і каментаваць адмаўляюцца. Адзінае што намеснік памочніка Міністра абароны ЗША па Расіі, Украіне і Еўразіі Эвелін Фаркас шматзначна зазначае, што амерыканская амбасада ЗША ў Беларусі не мае аташэ па пытаннях абароны з 2008 года.
Эвелін Н. Фаркас
Як вынікае, сустрэч прадстаўнікі ўраду ЗША мелі шмат, але які вынік візіту? Пацяплення адносінаў будзе?
Томас Меліа: “Адносіны паміж ЗША і Беларуссю не змяніліся ў выніку гэтага візіту. Канкрэтныя рашэнні не былі прынятыя. Мы адзначаем, што візіт стаў аднаўленнем двухбаковых кантактаў, і спадзяемся, што гэта працягнецца”.
А мерапрыемстваў, падчас якіх прадстаўнікі амерыканскіх і беларускіх уладаў змогуць “перасячыся”, найбліжэйшым часам будзе некалькі: падчас найбліжэйшай сустрэчы Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, на сустрэчы АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве, а ў лютым будзе сустрэча міністраў краін АБСЕ ў Швейцарыі.
Як прызнаецца Томас Меліа, менавіта наяўнасць у нашай краіне палітвязняў “працягвае заставацца перашкодай на шляху паглыблення і пашырэння супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі”.
Фота: Змітра Лукашука