Доктарка навук, мэр, экспертка па клімаце: Мексіка абрала новую прэзідэнтку
Клаўдыя Шэйнбаўм
Новым прэзідэнтам Мексікі будзе Клаўдыя Шэйнбаўм. Па папярэдніх дадзеных яна набірае 58-60% галасоў. Гэта значыць, што яна на 30% абганяе сваю бліжэйшую суперніцу, бізнесвумэн Сочытль Гальвес. Гэта першы выпадак, калі прэзідэнтам у Мексіцы становіцца жанчына.
"Я вас не падвяду", — сказала яна выбаршчыкам у пераможнай прамове.
Шэйнбаўм раней займала пасаду мэра сталіцы Мехіка. Яе бацькі былі вучонымі, сама будучая прэзідэнтка атрымала доктарскую ступень у галіне энергетыкі. Дарэчы, бабуля і дзядуля Шэйнбаўм па бацькавай лініі родам з Літвы. А бабуля і дзядуля па матчынай лініі — яўрэі, якія з'ехалі ў Мексіку з Балгарыі, ратуючыся ад нацыстаў.
Шэйнбаўм працавала ў даследчай лабараторыі ў Каліфорніі, вывучаючы мадэлі спажывання энергіі ў Мексіцы, стала эксперткай па змяненнях клімату. Гэты вопыт прывёў яе на пасаду міністра навакольнага асяроддзя. Прэзідэнтам краіны тады быў дзейны прэзідэнт Андрэс Мануэль Лопес Абрадор.
З міністэрскай пасады Шэйнбаўм сышла на пасаду мэра Мехіка і пакінула яе, каб балатавацца ў прэзідэнты. Яна зменіць на пасадзе Андрэса Мануэля Лопеса Абрадора 1 кастрычніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.