Долар амаль зраўняўся з еўра: прыгожа, але для Беларусі нявыгадна
У нестабільны час многія аддаюць перавагу актывам у доларах. Гэта працуе на рост курса / kommersant.ru
Еўра апусціўся ніжэй за $1,01 упершыню са снежня 2002 года. Для Беларусі гэта пакуль мае невялікае значэнне, але можа стаць трыгерам для размарозкі валютнай панікі, якая здарылася пасля пачатку вайны ва Украіне.
Еўрарадыё паразмаўляла з эканамістам і даведалася, чаму ўмацоўваецца долар і чаго чакаць Беларусі.
Долар хочуць усе
Еўра з доларам практычна зраўняліся з дзвюх прычын: нестабільны час і розная рэакцыя цэнтрабанкаў развітых краін на рост інфляцыі, кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
— У лістападзе мінулага года была ледзь не праграмная прамова Паўэла [кіраўнік Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША. — Еўрарадыё], у якой ён прызнаў, што інфляцыя — гэта новая ўстойлівая рэальнасць. І што ФРС змяніла сваю палітыку ў большай меры на процідзеянне інфляцыі.
Для гэтага ФРС падымаецца ключавую стаўку — аналаг нашай стаўкі рэфінансавання. Крэдыты становяцца даражэйшыя, але разам з тым становяцца больш выгадныя дэпазіты і іншыя актывы ў доларах. Таму попыт на долар расце і ён умацоўваецца.
— Сярод развітых краін у ЗША адсоткавыя стаўкі адны з самых высокіх. Другая іпастась гэтага ж механізма — погляд на будучыню. ФРС дае відавочныя сігналы, што як мінімум да канца бягучага года яны маюць намер ісці па шляху падвышэння ставак. Калі паглядзець ф'ючарсы, якія можна інтэрпрэтаваць як стаўкі на тое, якой будзе адсоткавая стаўка, то дамінуе імавернасць, што да канца года да ўзроўню 3,25–3,5% стаўкі ФРС будуць падвышаныя, — працягвае Дзмітрый Крук.
Гэта вельмі высокі ўзровень для ЗША. У пачатку 2022 года стаўка ФРС была 0,25% гадавых. Пры гэтым Еўрапейскі цэнтральны банк або Цэнтрабанк Японіі бачаць у інфляцыі меншую праблему і не падвышаюць стаўкі.
— Другі не менш важны момант — гэта стандартнае становішча долара як валюты-сховішча ў неспакойныя часы. Калі актывы ў доларах яшчэ і больш высокадаходныя, тады рашэнне відавочнае. Вось чаму ён умацоўваецца.
Падвышэнне курса долара можа размарозіць валютную паніку
Праз тое, што курс беларускага рубля прытрымліваецца расійскага, пакуль для Беларусі асаблівых эфектаў няма. Бо курс расійскага рубля ўсё яшчэ высокі.
— Гэта прытрымліванне крыху аслабела, але ў цэлым працягваецца. Экстраардынарнае ўмацаванне расійскага рубля да долара па сваіх прычынах нават на фоне долара, які ўмацоўваецца ў свеце, робіць гэты трэнд і ўплыў на эканоміку Беларусі незаўважным.
Аднак умацаванне долара ўсё-ткі дрэнная навіна для Беларусі.
— Стабільнасць беларускага рубля да долара — галоўны індыкатар, на які глядзяць фізасобы і юрасобы на ўнутраным рынку. Ён разглядаецца як аплот тэмпературы фінансавай стабільнасці. Калі долар праз знешнія фактары мае тэндэнцыю да падаражэння, унутры краіны гэта разглядаецца як сігнал, што адбываецца нейкі шок, парушаецца фінансавая стабільнасць. Тое, што знешняе асяроддзе задае ўмацаванне долара, азначае пры іншых роўных аслабленне беларускага рубля.
Пакуль у Беларусі назіраецца ўмацаванне рубля да долара, але паступова ўсё можа змяніцца. У прыватнасці, Цэнтрабанк Расіі ўжо думае, як аслабіць курс расійскага рубля да долара.
— Паніка, якая была на валютным рынку на мяжы лютага-сакавіка, замарожаная, але яе карані нікуды не зніклі. Не сцвярджаю, што яна вернецца ў агляднай будучыні, але ўмацаванне долара ў гэтым кірунку дзейнічае, — робіць выснову Дзмітрый Крук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.