Домрачава распавяла, як камандуе кітайскімі біятланістамі
Каманда Кітая і Дар'я Домрачава / www.instagram.com/oleeinarbjorndalen
Беларуская біятланістка Дар'я Домрачава разам з мужам, нарвежцам Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам з мінулага верасня трэніруе зборную Кітая па біятлоне. Муж і жонка працуюць у тандэме і з мужчынскай, і з жаночай камандай.
— Праблемныя моманты абмяркоўваем разам, рашэнні прымаем разам. Гэтак жа і на трэніроўках: Уле дапамагае ў правядзенні жаночых, я — мужчынскіх, — распавядае Дар'я ў інтэрв'ю "Матч ТБ".
У бягучым сезоне кітайскія біятланісткі сталі трапляць у дваццатку мацнейшых.
— Так, рухаемся наперад. Разумеючы, што пакуль далёкія ад поспеху, — сціпла заўважае Домрачава. — Але паляпшэнне вынікаў кажа пра тое, што кірунак абраны правільны. Хочам падзяліцца ўласным досведам і верым, што спартоўцы здолеюць яго пераняць. Рост пакуль нестабільны, здараюцца адкаты назад, аднак бачныя змены ў тэхніцы, хоць працуем толькі з верасня.
Па сутнасці, яшчэ не завяршыўся этап знаёмства, шмат трэба трэба пераварыць. Чэмпіянат свету — першае для іх спаборніцтва ў гарах пад нашым кіраўніцтвам, пазнаем адно аднаго, глядзім, як успрымаюць нагрузку, перапады вышынь.
Кантракт беларускай біятланісткі разлічаны да зімовай Алімпіяды 2022 года, якая пройдзе ў Пекіне.
— Галоўны старт — Алімпіяда-2022. І медалі на ёй. Ці хаця б медаль. Думаю, гэта задаволіць і нас, і начальства, — кажа яна.
— Кантракт дазволіць забяспечыць нябеднае жыццё на гады наперад?
— Гледзячы як траціць грошы. Наогул я не транжыра. І алімпійскія медалі, і праца са спонсарамі даўно дазваляюць разлічваць на нармальны ўзровень жыцця на працягу пэўнага часу. У выпадку з Кітаем размова не столькі аб заробку, колькі аб цікавай працы і творчасці.
Карэспандэнт з'едліва заўважае, што кітайская каманда — адзіная ў свеце, у якой трэнеры могуць абагнаць спартоўцаў. Домрачава адказвае, што калі сур'ёзна патрэніравацца, дык, напэўна, сапраўды здолее абагнаць сваіх гадаванцаў.
— Але ўсе сілы трацім як раз на тое, каб яны беглі хутчэй за нас. Наогул, наўпрост не змагаемся, за кантрольнымі трэніроўкамі назіраем збоку, каб заўважыць усе нюансы, — дадае біятланістка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.