Другі сакратар ЦК БРСМ не ведае, колькі дзяржава траціць на яго арганізацыю
Тым часам яна ўсё яшчэ датуецца.
Другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей Клішэвіч не ведае, які гадавы бюджэт арганізацыі на бягучы год, а таксама не можа адказаць на пытанне, колькі дзяржава летась патраціла на заробкі супрацоўнікам Саюза. Адказваючы на пытанне карэспандэнта БелаПАН, ён адзначыў, што бюджэт БРСМ фармуецца ў асноўным за кошт унёскаў, якія плаціць кожны сябра, а таксама за кошт дзяржпадтрымкі. Сваю недасведчанасць у фінансавых пытаннях ён патлумачыў тым, што адказвае за іншы кірунак дзейнасці.
30 студзеня 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 55, згодна з якім дзяржаўная падтрымка Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі працягнутая да 2015 года.
Пры гэтым другі сакратар БРСМ адзначыў, што згодна з указам прэзідэнта ад 16 кастрычніка 2012 года № 181, работнікі студэнцкіх атрадаў вызваленыя ад уплаты 12% падатку. Гэтыя грошы застаюцца ў работніка. Але удзельнікам студатрадаў прапануюць пералічваць 4% ад заробку на закупку форменнага адзення, арганізацыі экскурсіяў і адпачынку.
У 2014 годзе сярэдні заробак у студатрадах склаў 4 мільёны рублёў. У дзейнасці студатрадаў удзельнічалі 64 тысячы чалавек, кожны з якіх заплаціў прыкладна па 160 тысяч рублёў. Такім чынам, БРСМ атрымаў ад іх болей за 10 мільярдаў рублёў.
Фота: bestvuz.by