Дваіх дзяцей выратавалі з пажару ў Гарадку
На пажары кватэры ў Гарадку (Віцебская вобласць) супрацоўнікі МНС выратавалі дваіх дзяцей, перадае БЕЛТА.
Паведамленне пра пажар кватэры ў пяціпавярховіку ратавальнікі атрымалі 6 траўня ў 14.38. Прыбыўшы на месца здарэння, яны пабачылі дым з акна на другім паверсе дома. Дарослых дома не было. Пра дым паведамілі суседзі.
Супрацоўнікі МНС трапіла ў кватэру праз уваходныя дзверы і праз гаўбец, куды падняліся з дамапогаё пад'ёмніка. Яны выратавалі з кватэры дваіх дзяцей — трохгадовага хлопчыка і чатырохгадовую дзяўчынку. Дзеці былі ў прытомнасці. Брыгада хуткай дапамогі даставіла іх у рэанімацыю лякарні з дыягназам "атручэнне прадуктамі гарэння". Дзеці былі ў стане сярэдняй ступені цяжкасці.
Агонь пашкодзіў у кватэры ложак і рэчы, там закураныя сцены і столь. Мяркуецца, што прычынай пажару сталі дзіцячыя гульні з агнём.