Двое бабруйчан у РФ атрымалі вялікія тэрміны за наркотыкі і папрасіліся на вайну
Наркотыкі, ілюстрацыйнае фота
Сярод тых, хто ваюе на баку Расіі супраць Украіны, неўзабаве могуць апынуцца яшчэ два беларусы.
Уладзімірскі абласны суд прысудзіў па 16 гадоў калоніі строгага рэжыму двум беларусам. Іх прызналі вінаватымі ў незаконнай вытворчасці і захоўванні наркотыкаў, а таксама замаху на іх незаконны збыт, учынены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры.
Як піша mogilev.online, маладыя жыхары Бабруйска Уладзіслаў і Антон паехалі на заробкі ў Расеію. Там яны завербаваліся ў арганізаваную злачынную групу і сталі працаваць у наркалабараторыі. Свайго кіраўніка яны нават не бачылі, а размаўлялі з ім толькі праз месенджар. За год перабывання ў Расіі жыхары Бабруйска паспелі стварыць дзве наркалабараторыі. Арыштавалі іх супрацоўнікі ФСБ увесну 2023 года ў вёсцы ва Уладзімірскай вобласці. Там на імя сястры аднаго з бабруйчан быў набыты двухпавярховы дом і зямельны ўчастак.
Падчас следства выявілася, што маладыя людзі паспелі зварыць больш за 6 кг мефедрону. Частку наркотыкаў яны размясцілі ў схованках-закладках, а іншую — захоўвалі ў доме. Таксама пры ператрусе ў іх знайшлі больш за 163 кг прэкурсораў наркатычных рэчываў і больш за тону розных рэактываў.
На судзе Уладзіслаў і Антон цалкам прызналі сваю віну. Яны раней не мелі нават адміністрацыйных судзімасцяў. Суду бабруйчане падалі нават граматы за ўдзел у школьных і спартыўных мерапрыемствах і грамадскім жыцці. А Уладзіслаў, як выявілася, яшчэ і аказваў матэрыяльную дапамогу Бабруйскаму дзіцячаму дому.
Пасля вынясення прысуду абодва беларусы папрасілі прабачэння ў грамадства і папрасілі адправіць іх на вайну супраць Украіны. Як правіла, у Расіі такія добраахвотнікі трапляюць пад памілаванне Пуціна. Хаця ад смерці на фронце іх гэта не ратуе.
Пра далейшы лёс пакуль нічога невядома. Пра Уладзіслава ў судовых картатэках наогул няма звестак. А Антон падаў апеляцыю на прысуд, а потым касацыю. У верасні яго скарга паступіла ў другі касацыйны суд агульнай юрысдыкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.