Двое канадцаў у 41 год даведаліся, што іх пераблыталі ў радзільні
Двое мужчын з маленькага канадскага гарадка ў правінцыі Манітоба ў 41 год даведаліся, што іх пераблыталі ў радзільні.
Леан Свенсан і Дэвід Тэйт, прадстаўнікі карэннага народу кры, былі знаёмыя да гэтага адкрыцця. Яны абодва нарадзіліся ў лякарні Norway House Indian Hospital у 1975 годзе з розніцай у тры дні: Свенсан — 31 студзеня, а Тэйт — 3 лютага. Тэст ДНК пацвердзіў, што неўзабаве пасля нараджэння нехта памяняў іх месцамі, у выніку хлопчыкаў гадавалі не іх біялагічныя бацькі.
На прэс-канферэнцыі, дзе абвясцілі вынікі тэставання, абодва мужчыны ледзь не расплакаліся. Тэйт заявіў, што людзі, якія яго выхоўвалі, заўсёды будуць для яго бацькамі, але цяпер ён мае яшчэ адных бацькоў і брата. Цяпер яны вырашылі, што будуць дачыняцца, як адна вялікая сям’я.
Гэта не адзіны выпадак падмены дзяцей у Norway House Indian Hospital. Летась выявілі яшчэ дваіх мужчын, якіх таксама пераблыталі пры нараджэнні. Міністр аховы здароўя Канады Джэйн Філпат паведаміла пра пачатак ведамаснага расследавання. У міністэрстве мяркуюць, што магчымыя іншыя падобныя выпадкі. Канадскія ўлады заяўляюць пра неабходнасць павысіць якасць аховы здароўя для карэнных жыхароў Канады, перадае ВВС.