Дворнікамі ў Віцебску запрашаюць працаваць людзей, накіраваных у ЛПП
Дворнік, ілюстрацыйнае фота / ria.ru
У Віцебску бракуе дворнікаў: працоўны штат запоўнены крыху больш, чым на дзве траціны. Таму кіраўніцтва прадпрыемства "Гардармост" заключыла дамовы з лекава-працоўным прафілакторыем, куды накіроўваюць асобаў, што злоўжываюць алкаголем.
Як піша "Віцебская Вясна", "Гардармост" гатовы ўзяць на працу ўсіх ахвочых, але такіх няма. У выніку прадпрыемства вырашыла не абмяжоўвацца заяўкамі ў службу занятасці.
Працу дворніка, калі верыць абвесткам на сайтах з прапановамі, "Гардармост" ацэньвае ў 626-800 рублёў. Гэта самая нізкая стаўка, якую прадпрыемства прапануе работнікам за цяжкую фізічную працу.