Дырэктара гаспадаркі, дзе з голаду дохлі свінні, адпусцілі на волю

Дырэктара гаспадаркі, дзе з голаду дохлі свінні, адпусцілі на волю

Дырэктара гаспадаркі "Зарэчча", дзе ад голаду дохлі свінні, адпусцілі на волю. Пра гэта TUT.by даведаўся ў Гомельскім аблвыканкаме. Паводле чыноўнікаў, кіраўнік свінакомплексу Віктар Мамурын не вінаваты ў крытычнай сітуацыі, якая склалася, таму яго адпусцілі. Раней дырэктара затрымалі 29 траўня пасля рэзананснай публікацыі ў СМІ.

У аблвыканкаме распавядаюць, што праз засуху на Гомельшчыне здарыўся неўраджай збожжа і многія гаспадаркі вымушаныя былі набываць корм. Больш паспяховыя рабілі гэта самастойна, слабейшыя далі крэдыты. А "Зарэччу", якое мела вялікія пазыкі, крэдытаў не давалі.

Напрыканцы красавіка камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні распрацаваў схему фінансавання набыцця збожжа для свінакомплексаў вобласці праз Рагачоўскі хлебапрыёмны пункт, які стаў актыўна заяўляцца на біржавых таргах на набыццё збожжа для "Зарэчча". Аднак у першай палове траўня прапановаў не было нават з умовай 100-адсоткавай перадаплаты. Толькі 15 траўня атрымалася закупіць партыю збожжа, якога хапала на 5 дзён працы свінакомплексу. 22 і 24 траўня закупілі корму яшчэ на 10 дзён. Усяго на канец траўня для "Зарэчча" набылі корму на 21 дзень.

Дырэктар гаспадаркі заступіў на пасаду ўсяго пяць месяцаў таму і не мог браць удзел у нарыхтоўцы кармоў. Тым часам на свінакомплексе пачалі масава паміраць ад голаду свінні. Збыць іх таксама не атрымлівалася, бо жывёлы ад недаядання не мелі патрэбнай вагі.

Раніцай 1 чэрвеня Віктар Мамурын пацвердзіў  TUT.by, што знаходзіцца на волі, аднак адмовіўся ад каментароў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі