Дырэктарку цэнтра шахмат і шашак вінавацяць у карупцыі і махлярстве
Яе ўзялі пад варту, а на маёмасць наклалі арышт.
Следчы камітэт у Мінску завяршыў расследаванне справы дырэктаркі Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках.
Следчыя сцвярджаюць, што 43-гадовая мінчанка сістэмна выкарыстоўвала сваё службовае становішча ў карыслівых мэтах. Яна прысабечвала бюджэтныя грошы ў рублях і валюце, якія вылучаліся яе ўстанове для спартыўных мерапрыемстваў, вучэбна-трэніровачных збораў, на камандзіровачныя выдаткі, у тым ліку на выезд у замежжа. Акрамя таго, дырэктарка загадвала работнікам бухгалтэрыі без падставаў налічваць ёй прэміі і матэрыяльную дапамогу, кампенсацыю за нявыкарыстаны адпачынак.
Таксама жанчына завалодала будматэрыяламі, якія прадпрымальнікі-арандатары набылі для рамонту аднаго з памяшканняў установы. Ад аднаго з прадпрымальнікаў яна атрымала хабар за працяг арэнды.
Следчыя сабралі доказы па 12 злачынных эпізодах. Шкода ад дзеянняў дырэктаркі ацэньваецца ў суму больш за 222 млн рублёў.
Экс-дырэктарку вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, махлярстве і атрыманні хабару.
Мінчанку ўзялі пад варту, На яе маёмасць коштам 1,361 млрд рублёў накладзены арышт.
Фота:kp.ru