Дзе Аляксандр Лукашэнка паглядзеў “Смерць Сталіна”?

Дзе Аляксандр Лукашэнка паглядзеў “Смерць Сталіна”?

Фільм "Смерць Сталіна" не ўразіў Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта кіраўнік Беларусі распавёў 20 сакавіка на сустрэчы з творчай моладдзю.

"Усе тлумачаць, што стыль гэтага фільма такі, гэта камедыя... Танная камедыя — у мяне такое ўражанне пра гэты фільм, ды і разважаць на гэтую тэму сёння няма чаго", — сказаў  Лукашэнка. Але дзе ён паспеў паглядзець скандальную стужку Арманда Іанучы, якая ішла ў Мінску ўсяго некалькі дзён і толькі ў прыватных кінатэатрах Silver Screen і Falcon Club?

“Мы не валодаем інфармацыяй пра тое, што да нас прыходзіў Аляксандр Лукашэнка, — адказалі Еўрарадыё ў Falcon Club Cinema Boutique. — Не было ў нас такога”.

Дзе Аляксандр Лукашэнка паглядзеў “Смерць Сталіна”?
Скрыншот з фільма "Смерць Сталіна" / silverscreen.by

Адзін з кінатэатраў Silver Screen месціцца ў гандлёвым цэнтры Galileo побач з чыгуначным вакзалам. Менавіта там на першым мінскім сеансе “Смерці Сталіна” пабываў карэспандэнт Еўрарадыё. Тэлефануем туды.

“У любым выпадку, для такога паказу былі б прынятыя асаблівыя меры бяспекі. Але ў нас у Galileo дакладна такога не было, і ніякага эксклюзіўнага паказу не было. У іншых кінатэатрах такога таксама не было, наколькі мне вядома”, — распавядае адміністратар кінатэатра Наталля.

Няўжо Аляксандр Лукашэнка глядзеў пірацкую копію “Смерці Сталіна” — без рэгістрацыі і СМС? Амаль адразу пасля таго, як стужку забараніў Мінкульт Расіі, яна з’явілася на торэнтах у добрай якасці. Яе лёгка было спампаваць яе адтуль ці паглядзець онлайн.

Дзе Аляксандр Лукашэнка паглядзеў “Смерць Сталіна”?
Скрыншот з фільма "Смерць Сталіна" / silverscreen.by

Але Наталля дадае, што тэхнічныя магчымасці дазваляюць паглядзець кінастужку не толькі ў кінатэатры, але і ў іншых месцах.

“Па-першае, праходзяць папярэднія паказы. Па-другое, стужка заўжды трапляе ў Міністэрства культуры, каб атрымаць дазвол на пракат, — тлумачыць адміністратар кінатэатра. — У Мінску “Смерць Сталіна” не была паказаная ў дзень прэм’еры, бо дыстрыб’ютар нам не даваў стужку раней за прэм’ерны паказ. Адпаведна, і Мінкульт атрымаў яе (хаця і пазней) для таго, каб мы атрымалі дазвол на трансляцыю”.

Такім чынам, варыянты тры. Каб паглядзець “Смерць Сталіна”, Лукашэнка ці спампаваў пірацкую копію, ці скарыстаўся сервісам, які дазваляе набыць фільм для прыватнага прагляду (напрыклад, Amazon), ці ўжыў асабістыя сувязі. Для такой асобы не складае цяжкасці атрымаць стужку на неабходны для прагляду час.

Спойлер: “Смерць Сталіна” пачынаецца якраз з таго, што ўсемагутны генсек СССР патрабуе запіс канцэрта, што трансляваўся ў жывым радыёэфіры. Каб запісаць канцэрт, аркестр вымушаны выканаць яго яшчэ раз. Сталін памірае неўзабаве пасля таго, як атрымлівае пласцінку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі