Дзе болей заробіць малады спецыяліст, у школе ці ў міліцыі?

У настаўніцы рускай мовы з 20-гадовым стажам Таццяны Сямёнаўны з Гродзенскай вобласці цікавімся, як змяніўся яе заробак за апошнія гады, тая смяецца.

"Я нават не памятаю! Але неяк мы з калегамі абмяркоўвалі, што заробак які ў мяне цяпер і тры гады таму, аднолькавыя! Летась з маімі 28-гадзінамі (гэта на 8 гадзін болей за стаўку. — Еўрарадыё), а таксама з маёй грамадскай нагрузкай было 4 мільёны. А якім заробак будзе пасля павышэння, я не ведаю. Мо вырасце!" — іранізуе вопытны педагог Казлоўшчынскай сярэдняй школы Таццяна Сямёнаўна.

Іх школа шукае маладога настаўніка англійскай мовы. Умовы "шыкоўныя" — сацпакет, вялікі адпачынак і гарантаваная стаўка, бо вялікая школа, а таксама абавязковае класнае кіраўніцтва і адсутнасць жылля. За гэтае "шчасце" настаўніку без катэгорыі і стажу будуць плаціць каля 250 долараў.

З-за такіх заробкаў і нізкага прэстыжу працы ніхто з сёлетніх выпускнікоў школы не хацеў паступаць на настаўніка

"Летась адна выпускніца паступіла на фізіку-матэматыку ў пед. Але праз месяц забрала дакументы і перавялася ў будаўнічы каледж".

Ва ўпраўленні адукацыі Кастрычніцкага раёна Мінска просяць ўзяць аловак і запісваць выплаты, якія мае настаўнік з двума гадамі стажу, без катэгорыі, але з вышэйшай адукацыяй.

"Калі з вышэйшая адукацыяй, то голы аклад — 1 мільён 137 тысяч рублёў. Да гэтага плюсуйце 10% ад стажу, даплаты на метадычную літаратуру, плюс кантрактныя, плюс "паўлаўскія", — глядзяць статыстыку у аддзеле заробку Упраўлення адукацыі Кастрычніцкага раёна. Атрымліваем заробак у 2,6 мільёны. У верасні мінулага года настаўнік атрымліваў 2 мільёны 429 тысяч рублёў.

За год заробак настаўніка вырас на 17 долараў!

На сайце Мінпрацы 87 вакансій для настаўнікаў толькі за апошні месяц. Мінімальны заробак, які прапаноўваюць педагогам — 42 долары (за 0,25 стаўкі). Максімум, на што можа разлічваць настаўнік — 4 мільёны.

Летась Першамайкі РАУС Мінска праводзіў "кірмаш вакансій" для тых, хто хоча працаваць у органах. Тады АМАПаўцам прапаноўвалі ад 4 мільёнаў, а супрацоўнікам патрульна-паставой службы ад 3,5 мільёнаў.

Тэлефаную ў гэты ж РАУС, ім патрэбны міліцыянер-кіроўца, ўчастковы, інспектар ДАІ ды оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. Але для дзяўчат у іх вольных месцаў няма.

"Вы як сабе ўяўляеце працу ўчастковым жанчыне? Я вам скажу, што гэтыя дзяўчаты-ўчастковыя ў кабінеце па большай меры знаходзяцца. Заробак міліцыянера-ўчастковага ў першы год складае 7,5 мільёнаў!" — здзіўляюць у Першамайскім РАУС.

Атрымліваецца, што заробак міліцыянера вырас за год мінімум на 100-300 долараў, а заробак настаўніка як ні круці — на 17.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі