Дзе карупцыі больш — у Беларусі, Расіі ці Украіне?

Калі агульны ўзровень злачыннасці ў Беларусі зніжаецца, то ўзровень карупцыі — наадварот. Еўрарадыё заўважыла, што за 2013 год колькасць карупцыйных злачынстваў вырасла на 29%. Рэкардсмены тут — Мінск (на 65,5%) і Мінская вобласць (на 88,3%). Гэта таму, што з'явілася больш карупцыянераў ці раскрываць сталі лепш?

"І тое, і другое, — кажа эксперт, кіраўнік аналітычнага парталу “Belarus Security Blog” Андрэй Паротнікаў. — Але ёсць момант, які гучыць на апошніх нарадах па барацьбе з карупцыяй, што асноўная маса карупцыйных злачынстваў у нас дробныя. Яны датычацца нізавога звяна чыноўнікаў. А вось рэальна буйных, дзе адкатная сістэма і крадуць мільёны, у нас, у прынцыпе, не шмат".

Вялікая частка карупцыйных злачынстваў — гэта хабары: 1319 выпадкаў за 2013 год. Гэтыя лічбы могуць не адлюстроўваць рэальную сітуацыю. Паводле розных ацэнак, лічбу зарэгістраваных злачынстваў можна памножыць у 3-5 разоў.

"Лічбы вельмі ўмоўныя, бо ўзровень утойвання вельмі высокі. Карупцыйныя злачынствы адносяцца да катэгорыі злачынстваў з высокай латэнтнасцю. Вышэй, хіба, толькі згвалтаванні".

У Расіі за 6 месяцаў 2013 года амаль 30 тысяч карупцыйных злачынстваў. За год гэта амаль 42 карупцыйныя злачынствы на сто тысяч насельніцтва. У Беларусі амаль у два разы менш — 24 злачынствы на сто тысяч чалавек. Па Украіне такую статыстыку адшукаць складаней. Андрэй Паротнікаў кажа, што ў нас сітуацыя лепшая, але з вялікім адставаннем Беларусь ідзе па шляху суседзяў.

"У той жа Украіне, напрыклад, да міліцыянераў даводзіліся планы па дачы хабараў — колькі даішнік павінен сабраць за тыдзень і перадаць начальніку РАУС, бо начальнік РАУС павінен перадаць начальніку УУС. Там гэта практычна адкрытая сістэма. У нас такога няма, прынамсі няма публічна. Але тэндэнцыя, скажам, не добрая. І тэндэнцыя такая, што мы хоць і з істотным адставаннем, але ідзём па іх шляху. Па шляху Расіі і Украіны".

Па індэксе ўспрымання карупцыі Беларусь зусім не ў пачатку спіса — на 123-м месцы, Расія — на 127-м месцы, Украіна — на 144-м.

Колькасць карупцыйных злачынстваў у 2013 годзе

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі