Дзень закаханых: Вандроўка па БелАзе, клетка з маланкамі і Open Shkaf
Няма часу падумаць пра Дзень закаханых? Еўрарадыё падумала за вас! Мы знайшлі дзевяць падзей, якія могуць дадаць фарбаў у самы сардэчны дзень года.
БелАз
Збіраецца катаць з ветрыкам усіх закаханых 14 лютага. Уладальнік адмысловага падарункавага сертыфіката за 650 тысяч можа праехацца на самым знакамітым беларускім кар’ерным самазвале цягам дзесяці хвілін. Праўда, без каханай паловы, а з кіроўцам. І на гонкі па кар’ерах таксама разлічваць не варта: дарога будзе пралягаць уздоўж прадпрыемства. Арганізатары забавы сцвярджаюць, што яна карыстаецца вялікім поспехам не толькі ў Дзень закаханых, хаця кажуць, што на гэты дзень замоваў ад аматараў экстрыму ўжо паступіла на чатыры гадзіны працы 130-тоннага гіганта. Тэл: (044) 566 04 72
Клетка Фарадэя з маланкамі
Яна размешчаная ў музеі навукі (аказваецца, і такі музей ёсць у Мінску) і будзе прэзентаваная ў ноч з 13 на 14 лютага падчас шоў "Каханне і маланкі". Супрацоўнікі музея кажуць, што гэта няпроста, угаварыць дзяўчыну ўвайсці ў такую клетку. Але каханне і любоў да навукі здольныя на ўсё. Тэл: (29) 645-40-40
J:морс
Каманда Уладзіміра Пугача ўжо гадоў сто у Дзень усіх закаханых ладзіць канцэрты. Яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю не толькі таму, што "Морсы" выконваюць свае самыя салодкія хіты, але і таму, што можна выйсці на сцэну і публічна прызнацца ў каханні да сваёй другой паловы, а то і прапанаваць ажаніцца. Мы былі сведкамі, як гэта адбываецца: хлопцы чырванеюць, дзяўчаты плачуць, а публіка свішча — карацей, абрыдацца. Апроч таго, J:морс запісалі нарэшце новы альбом, "Воздух" (пяць гадоў над ім працавалі), і вось, 13-га ў сталічным Prime Hall збіраюцца яго прэзентаваць. Тэл: (033) 332 17 17, (029) 332 17 17.
Navi
Самы мілы дуэт Беларусі (добрая змена Ціхановічу і Паплаўскай) таксама спакусіўся на вялікі канцэрт 14 лютага. Маладыя ды крэатыўныя фіналісты сёлетняга нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" абяцаюць паўстаць перад фэнамі ў нязвыклым вобразе і на жыва прадставіць песню "Мая зямля", з якой, уласна, і збіраліся ехаць у Стакгольм. Пакуль жа выступяць на сцэне мінскага клуба Re:Public (зразумела, што музыкі выканаюць усе свае песні пра каханне). Тэл:( 29) 110-35-35
Петля пристрастия
На афішы канцэрта "Петлі" красуюцца не папсовыя сэрцайкі, а сапраўдныя сэрцы з артэрыямі, жалудачкамі і сасудамі. Магчыма, гэта будзе выступ без сопляў і іншых рамантычных атрыбутаў. Да таго ж ходзяць чуткі, што "Пятля" запісала новы альбом, і што ён "зробіць" 2016 год. Яго пакажуць мінчукам напрыканцы сакавіка. А пакуль жа бар "Брюгге" і 150 тысяч за вечар. Тэл: (29) 570 38 59
Ian Shaw i Apple Tea
Ian Shaw, лаўрэат брытанскай прэміі BBC Jazz Awards. Яго называюць голасам дзесяцігоддзя. Ён мае запамінальны правакацыйны сцэнічны вобраз, які, кажуць, застаецца ў памяці надоўга. Падыграюць брытанцу галоўныя беларускія джазмены, гурт Apple Tea. Паслухаць калабарацыю можна на абноўленай сцэне Дома афіцэраў усяго за 150 тысяч. Тэл: (29) 3 210 610.
Выстава Льва Бакста
Упершыню ў Мінск прывезлі выставу знакамітага мастака, мадэльера і сцэнографа Льва Бакста. Аматары жывапісу могуць убачыць каля сарака прац самога ўраджэнца Гродна а таксама яго паплечнікаў па мастацкім аб'яднанні "Свет мастацтва": Бенуа, Галавіна, Дабужынскага, Чурлёніса, Рэрыха, Несцерава і іншых мастакоў. Да таго ж, упершыню ў Мінску пакажуць арыгіналы акварэльных прац Напалеона Орды: на іх, дарэчы, зафіксаваныя віды Гродна другой паловы ХІХ стагоддзя — такія, якімі іх бачыў Бакст. Кошт 100 тысяч.
Чароўны трамвайчык
14 лютага ён будзе вазіць закаханых па Мінску, а экскурсавод і знаўца беларускай сталіцы Іван Сацукевіч будзе забаўляць цікавымі гісторыямі пра беларускую сталіцу і пра трамваі. Калі вы прагнеце новых ведаў і спакою, то вам сюды! Тэл: +375291342804, +375255458430 (Валерыя).
Open Shkaf
Не вызначыліся з падарункамі? Можна зацягнуць сваю палову на культурную барахолку ў “Хуліган” і там разам выбраць сабе што цікавае. Там будзе вопратка і аксесуары ад модных беларускіх дызайнераў, фуд-корт з разнастайнымі напоямі і ежай і музыка ад дыджэяў. 13-га. З 12 да 20.00.