Дзмітрыеў: Слова “палітыка” пужае людзей нават тады, калі ім няма чаго пужацца
Чаму апазіцыі варта навучыцца ў Аляксандра Саладухі, што хаваецца за зняццем праўладных кандыдатаў на асобных акругах, чаму не хоча разважаць на тэму ўжо нібыта складзеных спісаў будучых дэпутатаў парламенту? Адказаць на гэтыя ды іншыя пытанні ў студыю Еўрарадыё завітаў адзін з лідараў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.
Цалкам размову з Андрэем Дзмітрыевым можна паслухаць тут:
Лепшыя цытаты з размовы:
Не сяджу ў кабінеце Аляксандра Лукашэнкі і не ведаю, складзеныя ўжо спісы будучых дэпутатаў ці не.
Голас можна скрасці ― падтрымку ніхто ў вас не адбярэ. Палітыка справа не аднаго дня і галоўная якасць палітыка ― працаваць са дня ў дзень.
Аляксандр Саладуха ― прыклад таго, як можна працаваць з унутранай аўдыторыяй. Ён у сваім бізнесе гэта робіць. Людзі прыходзяць, людзі ведаюць яго. Я хачу таго ж дамагчыся ў сваёй акрузе.
Для мяне палітыка не бізнес, але менавіта ў палітыцы я лепш за ўсё рэалізуюся як асоба.
У параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі, не адчуваю ніякай лібералізацыі, але і нейкага ціску, па шчырасці, таксама не адчуваю. Мы бачым ранейшы падыход.
Слова палітыка пужае людзей нават тады, калі ім няма чаго пужацца.
Якое б палітычнае рашэнне не было прынятае 12 верасня Адміністрацыяй прэзідэнта (ці дзе яго там прымаюць), калі мы атрымаем большасць падтрымкі ― нам значна прасцей будзе далей рухацца наперад. З любым палітычным рашэннем Адміністрацыі.
З падазрэннем, што я нібыта агент КДБ, на мяне глядзіць вельмі вузкае кола людзей. Чалавек 20-30, ну, можа быць, 40. У акрузе гэта ўвогуле нікога не цікавіць. Для іх больш важна, што мы прыехалі да іх з юрыстам дапамагаць.
Адзін з выбаршчыкаў прачытаў недзе, што ў мяне ёсць сувязі ў КДБ і звярнуўся з просьбай дапамагчы: ён быў упэўнены, што я магу матываваць КДБ разабрацца ў яго праблеме. Тое, як адну з’яву бачаць людзі, і як яе бачыць вельмі вузкая праслойка палітыкаў ― розныя рэчы.
Чатыры апошнія месяцы ў апазіцыі фактычна няма ніводнага канфлікту. Чаму? Бо ўсе справай занятыя! Няма часу думаць над тым, хто што сказаў — у акругах працуюць, і ўсё.
Супрацоўнікі раённага КДБ таксама жывуць у гэтай акрузе, а значыць, ім зразумелыя ўсе праблемы, якія я ўздымаю: і дарогі, і якасць аховы здароўя ды адукацыі.
Зняцце праўладных кандыдатаў на асобных акругах можа азначаць, што ёсць пэўныя канфлікты, якія адбываюцца на тым баку, ва ўладзе, якія мы не бачым і не разумеем.
Фота Алеся Пілецкага