Дзякуючы Расіі шэнген для беларусаў стане 35 еўра?
Тэхнічныя магчымасці для гэтага з’явіліся, але палітычныя і эканамічныя перашкоды нікуды не зніклі.
Больш за два гады беларускія ўлады нічога не адказваюць на прапанову Еўрасаюза наконт змяншэння кошту віз для беларусаў. Для пачатку, неаднаразова казаў польскі амбасадар Лешак Шарэпка, хаця б да 35 еўра ад сённяшніх 60.
Штуршок, каб перамовы пачаліся, нечакана прыйшоў з боку… Расіі.
У пятніцу, 15 лістапада, міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч і кіраўнік Федэральнай міграцыйнай службы Расіі Канстанцін Рамаданаўскі падпісалі двухбаковае беларуска-расійскае пагадненне аб рэадмісіі.
“Падпісанне пагаднення адкрывае для нас магчымасць больш актыўна працаваць і з іншымі краінамі. Як па дадзеным відзе пагаднення, так і ў рамках спрашчэння ўсіх візавых працэдур. А можа быць — і поўнай яе адмены”, — так каментуе Еўрарадыё магчымыя наступствы ад падпісання гэтага пагаднення кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Рэадмісія — гэта згода дзяржавы на прыём назад на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, што падлягаюць дэпартацыі з іншай дзяржавы. Падпісаць такую дамову “адным пакетам” з дамовай ад змяншэнні кошту віз прапаноўваюць нам еўрапейцы. Беларускі бок да апошняга часу быў супраць. Маўляў, што мы будзем рабіць з тымі сотнямі і тысячамі расійскіх нелегалаў ці парушальнікаў законаў, якія патрапілі ў ЕС праз беларуска-польскую ці беларуска-літоўскую мяжу? За што будзем іх тут утрымліваць? А ёсць яшчэ розныя замежнікі, якія трапілі да нас і ў ЕС праз Расію. Зараз адпаведная дамова ёсць, і мы іх можам спакойна высылаць ў бок Масквы — калі чакаць таннейшага шэнгена?
“Спадзяемся, што ў хуткім часе зможам пачаць перамовы па пагадненні аб аблягчэнні візавага рэжыму з Беларуссю”, — гаворыць дырэктар дэпартаменту па пытаннях краін Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказу і Цэнтральнай Азіі генеральнага дырэктарату ЕС па знешніх адносінах Гунар Віганд.
У Андрэя Савіных адказу на пытанне, ці хутка перамовы пачнуцца і калі скончацца станоўча, няма. Маўляў, праца ідзе. Бо шмат падводных камянёў, ахалоджвае палітолаг Яўген Прэйгерман.
Яўген Прэйгерман: “Беларускі ўрад не асабліва зацікаўлены ў тым, каб сёння падпісваць гэтыя дамовы. Мы бачым, колькі нават сёння людзей ездзіць у краіны ЕС, найперш Літву і Польшчу, па так званы шырспажыў. Зразумела, што калі пойдзе рух па аблягчэнні візавага рэжыму, то такіх людзей будзе яшчэ больш”.
Ёсць і яшчэ адзін камень да шэнгена за 35 еўра. Яўген Прэйгерман называе гэта “адсутнасцю палітычнай волі”. У якасці прыкладу прыгадвае нежаданне Беларусі падпісваць пагадненне аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой.
Год таму прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных так тлумачыў гэтую затрымку.
Андрэй Савіных: “Мы назапашваем вопыт прымянення пагаднення з Латвіяй. Да канца года, мяркую, мы гэты працэс завершым. Пасля чаго на парадку дня будзе пытанне памежнага супрацоўніцтва з Літвой. Гэта пытанне будзе разглядацца на пачатку наступнага года. Пытанне наконт Польшчы пакуль не стаіць у парадку дня — ёсць асцярогі, звязаныя з пазіцыяй, якую займае польскі істэблішмент у адносінах да Рэспублікі Беларусь”.
Праз год нічога не змянілася. І наконт “назапашвання вопыту”, і наконт “пазіцыі польскага істэблішменту ў адносінах да Беларусі”.
Андрэй Савіных: “Афіцыйна магу пацвердзіць: усё застаецца па-ранейшаму”.
Нагадаем, расіяне і ўкраінцы плацяць 35 еўра, а малдаванам паабяцалі праз год адмяніць шэнгенскія візы.
Фота: Змітра Лукашука