Дзякуючы рэйсам у "дружалюбныя" краіны вырас пасажырапаток у мінскім аэрапорце

У Нацыянальным аэрапорце сустракаюць рэйс з Ульянаўска

У Нацыянальным аэрапорце сустракаюць рэйс з Ульянаўска / @MinskNationalAirport

З пачатку года пасажырапаток у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" вырас на 15% да аналагічнага перыяду мінулага года. Пра гэта расказаў у эфіры беларускага тэлебачання намеснік генеральнага дырэктара аэрапорта Мікіта Сярэдзіч. Паводле яго слоў, прырост назіраецца апошнія два гады.

Асноўнымі напрамкамі з Мінска застаюцца так званыя "дружалюбныя" краіны. Паслугамі аэрапорта карыстаюцца "Белавія", а таксама авіякампаніі з Расіі, Кітая, ААЭ, Узбекістана. Пры гэтым Сярэдзіч адзначыў, што больш актыўнаму пашырэнню палётаў з Мінска перашкаджаюць санкцыі. Многія авіякампаніі, паводле слоў, хацелі б, але не рызыкуюць лятаць у Беларусь. У час перагавораў прадстаўнікі замежных авіякампаній выказваюць зацікаўленасць, але "часта нам адмаўляюць проста з-за боязі траплення пад другасныя санкцыі", расказаў прадстаўнік аэрапорта.

Паводле яго слоў, "на жаль, прыкладаў зараз даволі шмат, таму мы зараз спрабуем перабудаваць сваю мадэль паводзінаў на развіццё рынкаў краін СНД, Кітай і Блізкі Усход".

Паветраныя зносіны краін ЕС, а таксама шэрагу іншых краін з Беларуссю былі перапынены пасля інцыдэнту з самалётам авіякампаніі Ryanair. Гэты самалёт, на борце якога знаходзіліся Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега, быў прымусова пасаджаны ў Мінску. Яшчэ шэраг абмежавальных мер, якія закранулі паветраныя зносіны, былі прыняты ў сувязі з міграцыйным крызісам на межах Беларусі і ЕС. У Еўразвязе настойваюць, што беларускія ўлады спрыялі абвастрэнню сітуацыі на мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі