Дзярждэп не выключае вяртання ў Беларусь амбасадара ЗША

Дзярждэп не выключае вяртання ў Беларусь амбасадара ЗША

Дзярждэп не выключае вяртання ў Беларусь амбасадара ЗША. Праўда, пакуль перамовы паміж Мінскам і Вашынгтонам носяць агульны характар — больш канкрэтныя абмеркаванні пройдуць бліжэйшым часам у Вашынгтоне.

Прадстаўнікі Дзярждэпартаменту ЗША і беларускіх уладаў перамаўляліся пра агульную нармалізацыю адносінаў — без удакладнення канкрэтных крокаў на гэтым шляху.

Я сказала б, што ўсё магчыма, але няхай гэта будзе такое пакрокавае развіццё падзей. На сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі мы не гаварылі пра такія прадметныя рэчы. Фокус нашых абмеркаванняў быў скіраваны на агульнае паляпшэнне адносінаў”, — дыпламатычна адказала на пытанне журналістаў намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Брыджэт Брынк.

Тым не менш, прадстаўнікі Дзярждэпартаменту ЗША адзначылі, што ў іх краіне чакаюць ад беларускіх уладаў далейшых крокаў дэмакратызацыі беларускага грамадства. Праўда, намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Роберт Бяршчынскі не ўдакладніў, якія канкрэтна крокі яны хацелі б убачыць.

Роберт Бяршчынскі: “Мы яшчэ не на тым этапе, каб да такой ступені канцэнтравацца на канкрэтыцы. Размова пачатая і мы плануем працягнуць яе з беларускімі ўладамі ў бліжэйшыя месяц-два ў Вашынгтоне на кансультацыях з беларускімі афіцыйнымі асобамі. Але нягледзячы на тое, што зараз у мяне няма канкрэтных дэталяў я магу сказаць, што ёсць шэрагах катэгорый, у якіх мы вядзем абмеркаванне з беларускімі ўладамі. У прыватнасці, гэта можа тычыцца зменаў у выбарчым заканадаўстве, датычна свабоды сходаў і рэгістрацыі палітычных партый”.

На пытанне Еўрарадыё, наколькі далёка гатовыя пайсці ЗША па шляху паляпшэння адносінаў з Беларуссю, Роберт Бяршчынскі адказаў коратка: “Так далёка, наколькі гатовыя будуць па гэтым шляху пайсці беларускія ўлады”. Праўда, не забыўся папярэдзіць, што ў ЗША чакаюць выніковай справаздачы БДІПЧ АБСЕ адносна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і што Злучаныя Штаты будуць уважліва сачыць за тым, як ідзе падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў 2016 года.

Прадстаўнікі Дзярждэпартаменту ЗША знаходзіліся з візітам ў Беларусі два дні і за гэты час сустрэліся з прадстаўнікамі ўладаў, апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі.

Фота прадастаўленае амбасадай ЗША ў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі