Дзяржкантроль аштрафаваў "Лідскае піва" на 12 мільёнаў еўра
"Лідскае піва" / pivo.by
Па выніках праверкі Камітэт дзяржкантролю аштрафаваў ААТ "Лідскае піва" на 35,8 мільёна рублёў (12 мільёнаў еўра паводле курсу Нацбанка на 20 лютага), піша Office Life. Кампанія не пагадзілася са штрафам і аспрэчвае яго ў раённым судзе. Мяркуецца, што судовае разбіральніцтва можа зацягнуцца на некалькі месяцаў.
У 2021 годзе чысты прыбытак "Лідскага піва" склаў 38 млн рублёў (12,6 мільёна еўра паводле сярэдняга курсу еўра за 2021 год). Прыкладна столькі ж патрабуе заплаціць Дзяржкантроль.
У сувязі з няпэўнай сітуацыяй матчына кампанія "Лідскага піва" фінская Olvi адмяняе свой фінансавы прагноз, апублікаваны 10 лютага, і не будзе публікаваць новы.
У папярэднім прагнозе гаварылася, што за 2023 год чакаецца прыбытак ніжэйшы, чым у 2022-м. Гэта звязана з вайной ва Украіне і ўплывам абменных курсаў. Пры гэтым кампанія меркавала, што аб'ёмы продажаў і выручкі будуць расці.
У ліпені 2022-га "Лідскае піва" паводле пастановы ўрада трапіла ў спіс беларускіх кампаній, якія іх замежным уладальнікам прадаваць забаронена. Спярша Olvi Group усё ж спадзявалася пазбыцца беларускага актыву, але ў лістападзе прызнала, што зрабіць гэта немагчыма. У тым жа месяцы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што замежны бізнес не зможа прадаць беларускія актывы і сысці — у такім разе гэты бізнес будзе нацыяналізаваны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.