Адзінокая маці з’ездзіла ў Кіеў на “Ляпісаў” — адмовілі ў дзярждапамозе
На дзярждапамогу не разлічвайце, калі вы правялі за мяжой болей за суткі, куплялі машыну, маеце дзве кватэры ці даход на кожнага болей за 974 тысяч.
У мінчанкі і адзінокай маці Вольгі дачцэ яшчэ няма і паловы года. Дапамога ад дзяржавы — 1 мільён 580 тысяч рублёў. Гэтых грошай дзяўчыне хапае на… чатыры дні.
“Мне пашчасціла, маё дзіця есць беларускія сумесі, а некаторыя ж дзеткі іх проста не ўспрымаюць і яны вымушаныя купляць не беларускія. Пачак “Беллакту” для дзетак да паўгода каштуе 27 тысяч рублёў, яго хапае на два дні. А потым для дзетак з 6 месяцаў патрэбныя іншыя сумесі — пачак каштуе мінімум 50 тысяч. Гэтыя 1,5 мільёна ідуць яшчэ на памперсы, адна ўпакоўка — пад 200 тысяч”, — расказвае Еўрарадыё Вольга. Калі б не падтрымка яе маці, яна б проста не ведала, як выжыць.
Дзяўчына звяртаецца ў адміністрацыю раёна за бясплатным харчаваннем, але Вользе адмаўляюць, бо яна ездзіла за мяжу — ва Украіну на два дні на канцэрт гурта “Ляпіс Трубяцкой” і яшчэ да цяжарнасці!
“Яшчэ да цяжарнасці я ездзіла ў Кіеў на канцэрт “Ляпісаў” на два дні. На падставе гэтага мне адмовілі ў дапамозе. Адказ ёсць з адміністрацыі: калі вы пабывалі цягам года за мяжой, з турыстычнай ды іншай мэтай да моманту звароту, вы не маеце права на дапамогу. У адказе адміністрацыі сказана, што я магу абскардзіць гэтае рашэнне, але, шчыра сказаць, не буду”.
У адміністрацыі Завадскога раёна тлумачаць: каб атрымаць адрасную дапамогу ад дзяржавы і бясплатнае харчаванне трэба быць зусім маламаёмасным чалавекам!
“Льгот ніякіх ў маці-адзіночак няма. Ёсць адрасная дапамога. Калі вы працуеце, калі даход на кожнага члена сям’і не перавышае 974 тысячы рублёў, калі не ездзілі за мяжу, калі вы не вучыцеся на платным, а таксама не куплялі машыны, не маеце дзвюх кватэр — тады вам даплачваецца розніца да бюджэту пражытковага мінімуму”, — пераказваюць указ прэзідэнта № 31 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе”. Тут адзначаюць, што пасля збору неабходных дакументаў камісія прыходзіць дадому і правярае ўмовы пражывання: у халадзільнік не заглядае, але да ўмоў, дзе ўтрымліваецца дзіця, прыглядаецца пільна.
Але і пасля выканання ўсіх гэтых ўмоў адраснай дапамогі можна атрымаць бы кот наплакаў!
“Патрэбна каб ваш даход быў меншы, чым 974 тысячы рублёў, гэта БПМ. Зразумела, калі атрымаецца ў вас даход — 970 тысяч рублёў на чалавека, мы будзем даплачваць розніцу — 4 тысячы рублёў. Таму вы самі можаце пралічыць, ёсць сэнс збіраць гэтыя дакументы ці не!” — папярэджваюць у Заводскім раёне.
Да прыкладу, каб атрымаць дапамогу трэба, каб на аднаго чалавека было не болей за 974 тысячы рублёў. У маленькай сям’і Вольгі на траіх жанчын трэба атрымліваць не болей за 2,9 мільёна рублёў, каб разлічваць на дапамогу. Дапамога будзе складаць 4 тысячы рублёў на кожнага — гэта розніца паміж даходам і бюджэтам пражытковага мінімуму. Каб разлічваць хаця б на 200 тысяч на кожнага, даход Вольгі і яе маці павінен складаць не болей за 100 долараў на чалавека.
У Заводскім раёне кажуць, што акрамя адраснай дапамогі можна атрымаць тое ж самае бясплатнае харчаванне. Але трэба выканаць усе ўмовы, адна з якіх — не мець паездак за мяжу.
“Калі можаш дазволіць сабе паездку за мяжу, і не важна Украіна ці не, бо стаіць штамп, значыць, у дапамозе не маеш патрэбы. У гэтым выпадку вы нават і дакументы на дапамогу не маеце права падаваць”, — прыводзяць дзяржаўную логіку ў адміністрацыі Заводскога раёна.
Па звестках Мінгарвыканкама, за першыя чатыры месяцы гэтага года, дзяржаўную адрасную дапамогу атрымалі болей за 6,7 тысяч мінчан, якім выдзелена 10,3 мільёна рублёў. Сярэдні памер дапамогі на аднаго чалавека склаў 190 тысяч рублёў.