ЕАЭС не працуе? Эксперты склалі справаздачу дзейнасці саюза за год існавання

ЕАЭС не працуе? Эксперты склалі справаздачу дзейнасці саюза за год існавання

“Еўразійскі эканамічны саюз (скарочана ЕАЭС) — міжнародная арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб'ектнасцю”, — гаворыцца аб гэтым утварэнні ў Вікіпедыі. Калі казаць прасцей, то гэта ў нейкім сэнсе аналаг Еўрасаюза, створаны Расіяй, Беларуссю і Казахстанам, куды пазней далучыліся Арменія і Кыргызстан. Паводле афіцыйнай версіі, арганізацыя паўстала 1 студзеня 2015 года для “ўсебаковай мадэрнізацыі, кааперацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік і стварэння ўмоў для стабільнага развіцця ў інтарэсах павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва дзяржаў-удзельнікаў”. Праўда, у рэальнасці пакуль выходзіць крыху іначай. А калі дакладней — зусім не крыху.

Мінскі незалежны Цэнтр стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў з падтрымкай нямецкага Фонду Эберта прааналізаваў год існавання ЕАЭС і яго ўплыў на беларускую эканоміку. Вынікі даследавання прэзентуюць пад загалоўкам “Беларусь у ЕАЭС: несуцяшальныя вынікі і сумнеўныя перспектывы”. Як гаворыцца, лянівыя могуць далей не чытаць.

ЕАЭС не працуе? Эксперты склалі справаздачу дзейнасці саюза за год існавання

“Увесь мінулы час, з моманту запуску ЕАЭС, намаганні Беларусі ў межах свайго старшынства былі накіраваныя на ліквідацыю крызісных тэндэнцый, з якімі сутыкнулася не толькі беларуская эканоміка, але і эканомікі яе партнёраў. Беларускае кіраўніцтва агучыла ўласнае бачанне прыярытэтаў развіцця інтэграцыйнага аб'яднання і распрацавала пакет антыкрызісных мер, неабходных для рэалізацыі ў межах ЕАЭС. Нягледзячы на тое, што беларускія прапановы былі фармальна падтрыманыя ўсімі ўдзельнікамі ЕАЭС, яны так і засталіся на паперы, не прывёўшы да якога-небудзь значнага выніку”, — сцвярджаюць аўтары даклада Арсеній Сівіцкі і Юрый Царык.

І дадаюць, што асноўныя партнёры Беларусі па ЕАЭС, Казахстан і Расія, не вельмі трымаюцца яго ўмоў: “Казахстан без асаблівай аглядкі на абавязанні і ўзровень тарыфных абмежаванняў у рамках ЕАЭС уступіў у Сусветную гандлёвую арганізацыю. Расія запусціла шэраг праграм імпартазамяшчэння, не дапусціўшы да ўдзелу ў іх вытворцаў з іншых краін ЕАЭС”.

Свае высновы эксперты падмацоўваюць лічбамі. Сумарны аб'ём знешняга гандлю таварамі дзяржаў — удзельнікаў ЕАЭС з трэцімі краінамі за студзень — лістапад 2015 года склаў 529 мільярдаў долараў. У параўнанні са студзенем — лістападам 2014 года аб'ём знешнегандлёвага абароту скараціўся амаль на траціну — на 34,2%. Прафіцыт знешняга гандлю за агучаны перыяд 2015 года склаў 156,5 млрд долараў. Гэта амаль на 70 мільярдаў менш, чым за такі ж перыяд 2014 года.

ЕАЭС не працуе? Эксперты склалі справаздачу дзейнасці саюза за год існавання

З беларускімі справамі ўнутры ЕАЭС прыкладна такая ж сітуацыя. Экспарт тавараў з Беларусі ў краіны саюза ў 2015 годзе знізіўся на 32,8%. Пастаўкі харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны скараціліся на 21,8%, а гэта траціна аб'ёму экспарту Беларусі ў гандлі з Расіяй і Казахстанам. Машын, абсталявання і транспартных сродкаў пасля стварэння ЕАЭС мы прадалі ў Расію і Казахстан на 37,2% менш, чым за год да яго стварэння. Амаль тое самае і з прадукцыяй хімічнай прамысловасці, аб’ём яе экспарту з Беларусі ў іншыя краіны ЕАЭС скараціўся на 26,8%.

Пры гэтым ва ўзаемным экспарце краін — удзельніц ЕАЭС уклад Беларусі зменшыўся з 26,7% да 24,4%. Доля ўзаемнага гандлю ў рамках ЕАЭС у агульным аб'ёме знешняга гандлю Беларусі таксама знізілася з 50,4% да 49,7%.

Усё гэта не засталося без увагі. Згодна з вынікамі даследавання, у беларускім грамадстве да ідэі ЕАЭС цяпер ставяцца горш, чым гэта было ў 2014 годзе, да стварэння саюза.

“Калі ў 2014 годзе ўзровень падтрымкі ЕАЭС дасягаў 68%, то ўжо ў 2015 годзе ён апусціўся на 8 працэнтаў і склаў 60%. Неадназначнае стаўленне беларускага грамадства да фармавання агульных наднацыянальных інстытутаў ЕАЭС. Так, 34% апытаных лічаць, што адзіная валюта хутчэй патрэбная, чым не. У папярэдні год такіх людзей было 46%”, — сцвярджаюць аўтары даклада.

У дадатак, згодна з даследаваннем Сівіцкага і Царыка, ідэю ўвядзення агульных для Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана законаў падтрымлівае 39% апытаных. А вось супраць гэтага выказаліся 43%. Супраць агульнай для краін ЕАЭС арміі ўвогуле выступаюць 57%, за яе стварэнне — усяго 24%. Не падтрымліваюць стварэнне агульнага органа кіравання ЕАЭС 43% апытаных, у той час як 37% падтрымліваюць.

 

Падчас прэзентацыі даклада і Юрый Царык, і Арсеній Сівіцкі неаднаразова адзначаюць, што Расія робіць спробы выкарыстаць ЕАЭС у сваіх геапалітычных мэтах, якія маюць мала супольнага з эканамічнымі інтарэсамі Беларусі і Казахстана. На думку экспертаў, гэта можа знішчыць ЕАЭС, які так і не паспеў набраць сілы.

“Нельга выключаць таго, што ў выпадку захавання працяглай геапалітычнай напружанасці паміж Расіяй і Захадам… ЕАЭС можа спасцігнуць сумны лёс папярэдніх інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы. Спробы ператварыць ЕАЭС у полюс супрацьстаяння ў межах новай “халоднай вайны” — тупіковыя”, — гаворыцца ў дакладзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі