Эканамічны цуд: экспарт беларускай бульбы ў Малдову павялічыўся ў 320 разоў
Экспарт беларускай бульбы ў Малдову павялічыўся ў 320 разоў. Па афіцыйнай статыстыцы, за студзень-люты 2019 года мы прадалі малдаванам амаль 13,5 тысяч тон бульбы. Летась за аналагічны перыяд продажы склалі ўсяго 42 тоны.
Як такое магло адбыцца? У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Беларусі эканамічны цуд тлумачаць засухай у Еўропе. А таксама тым, што беларускую бульбу адмовілася купляць Расія, таму экспарт давялося дыверсіфікаваць.
“Было вельмі суха, уся Еўропа выгарэла, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратарка Міністэрства сельскай гаспадаркі Зінаіда Бярэшчанка. — Можа быць, у сувязі з такім надвор’ем у іх неўраджай. А ў Расіі [наадварот] быў ураджай, яна не брала нашу бульбу. Магчыма, гэта звязана з дыверсіфікацыяй экспарту [пашырэнне геаграфіі паставак. — Еўрарадыё]. Мы увогуле на займаемся гэтымі пытаннямі. Калі гэта Малдова, дык, хутчэй за ўсё, гэта былі фермеры. Для іх бульба з’яўляецца асноўным прадуктам”.
Еўрарадыё: Фермеры беларускія?
— Я думаю, так. Але не ведаю. Трэба глядзець.
Еўрарадыё: А можа, удакладніць?
— Для нас не стратэгічная пазіцыя — бульба. Я не думаю, што нехта глыбока будзе ёй займацца. Добра. Я зыпытаюся ў нашым упраўленні, але толькі не сёння [13 траўня. — Еўрарадыё]. Сёння яны заняты цыбуляй. І сеянкай, і рэпчатай.