Эканаміст Леў Львоўскі тлумачыць, у чым будзе заключацца пенсійная рэформа
Эканаміст Леў Львоўскі тлумачыць, у чым будзе заключацца пенсійная рэформа, якую задумала Мінпрацы Беларусі і дэталі праекта якой былі агучаныя 21 верасня.
Зразумела, грошай на пенсіі ўвесь час не хапае. І вось, беларусам прапануюць добраахвотна адлічаць 3% ад заробку на асабісты рахунак. За гэта на той жа рахунак будзе залічвацца 3% ад сумы, якую іх наймальнік плаціць з іх заробку ў Фонд сацыяльнай абароны. А калі адлічэнне будзе ад 3% да 10%, дык тое, што вышэй за 3%, пералічыць на асабісты рахунак дзяржава.
"Тут ёсць пара добрых навін і некалькі важных пытанняў, ад якіх будзе залежаць тое, як рэалізуецца гэтая рэформа, — піша Львоўскі ў Facebook. — Першая добрая навіна: урад нарэшце ўсвядоміў праблему і спрабуе вырашыць яе нармальнымі метадамі, а не проста павышэннем пенсійнага ўзросту, як раней (што ніяк не вырашае праблему, а толькі адсоўвае яе)".
На думку эканаміста, другой добрай навіной з'яўляецца тое, што верагодна "рэформа прадугледжвае добраахвотнасць, пры тым, што раней гучалі словы і меркаванні, маўляў дадатковыя пенсійныя ўнёскі могуць стаць абавязковымі".
Да запланаванай рэформы ёсць пытанні:
1) За кошт якіх сродкаў яна будзе фінансавацца пры дэфіцытным бюджэце?
2) Хто, як і куды будзе інвеставаць грошы з "новага" пенсійнага фонду?
"У Беларусі не развіты фондавы рынак, юрыдычная сістэма ляжыць у руінах, — працягвае Леў Львоўскі і канкрэтызуе пытанні. — Неабходная даволі вялікая юрыдычная рэформа, якая агаворвае правы інвестараў, абавязацельствы па справаздачнасці прадпрыемстваў, і, нарэшце, нармальная абарона правоў уласнасці".
А далей эканаміст прапануе чытачам: "Уявіце, вашы грошы інвеставалі ў прыстойны беларускі банк з вялікім патэнцыялам, назавем яго БГПБ, а потым бах — і ім ужо кіруе не зразумей хто, уладальнікі дэпазітаў бягуць як з падпаленай лазні, палова кіраўніцтва сядзіць".
3) Давер да ўладаў у жыхароў Беларусі сёння вельмі нізкі. А тут яны фактычна просяць грамадзянаў падзяліцца з імі заробкамі ў абмен на нейкі профіт праз шмат гадоў. Ці ёсць упэўненасць, што грошы не з'есць інфляцыя? Ці што яны не будуць патрачаныя на выплату пенсій сённяшнім пенсіянерам? Ці што за іх не пабудуюць чарговую "залатую прыбіральню" ў абласным цэнтры? Няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.