Эканамісты з Беларусі, якіх ведае ўвесь свет, — хто яны і дзе працуюць
Сусветная эканоміка
Не сакрэт, Беларусь дала шмат таленавітых людзей не толькі ў творчай сферы, але і такой дакладнай, як эканоміка. Адзін з беларусаў — Сайман Кузнец — у свой час атрымаў Нобелеўскую прэмію па эканоміцы. 14 кастрычніка былі названыя новыя лаўрэаты — пакуль (!) не беларусы.
Еўрарадыё вырашыла зрабіць топ выхадцаў з Беларусі, якія цяпер працягваюць свае даследчыцкія кар’еры ў найлепшых універсітэтах свету.
Міхаіл Голасаў (Mikhail Golosov)
Нарадзіўся ў Віцебску, а цяпер — прафесар эканомікі Чыкагскага ўніверсітэта. Раней займаў пасады ў Прынстанскім універсітэце, Ельскім універсітэце і Масачусэтскім тэхналагічным інстытуце. У Беларусі скончыў БДЭУ па спецыяльнасці “банкаўская справа”.
Таксама доктар Голасаў з'яўляецца сурэдактарам выдання American Economic Review, сябрам Эканаметрычнага таварыства і глабальнай незалежнай сеткі даследнікаў CESifo.
Яго галоўны фокус у даследаваннях: макраэканоміка і дзяржаўныя фінансы.
Уваходзіць у спіс 5% лепшых аўтараў па колькасці цытаванняў (на верасень 2024)
Алег Цывінскі (Aleh Tsyvinski)
У той жа рэйтынг па цытаванні ўваходзіць іншы беларус, прычым таксама з Віцебска. Цывінскі — прафесар эканомікі і глабальных адносін у Ельскім універсітэце. Ён таксама скончыў “банкаўскую справу” ў БДЭУ, а працягнуў навучанне ўжо ва ўніверсітэце Мінесоты, атрымаў ступені магістра і доктара.
Ягоная сфера інтарэсаў: фінансавая эканоміка, міжнародныя фінансы, макраэканоміка, аптымальная фіскальная палітыка, дзяржаўная эканоміка.
Тое, што біяграфіі Цывінскага і Голасава падобныя — не супадзенне. У 90-х, будучы школьнікамі на праграме абмену ў Нідэрландах, іх размеркавалі ў адну сям’ю.
Пасля яны разам вучыліся ў БДЭУ і ў аспірантуры ў Мінесоце. Многія навуковыя працы былі напісаныя імі ў суаўтарстве.
Юрый Церлукевіч (Yuri Tserlukevich)
Ва Універсітэце штата Арызона, на факультэце фінансаў выкладае іншы беларус. Яго навуковыя інтарэсы звязаныя з дынамічнымі мадэлямі паводзін фірмаў, рэальнымі апцыёнамі, уплывам інвестыцыйных варыянтаў на цэны на актывы, структурай капіталу, структурай запазычанасці, аплатай працы супрацоўнікам.
У Беларусі Юрый скончыў фізфак БДУ. Ён атрымаў ступень магістра ва Універсітэце Мінесоты, а PhD — у Каліфарнійскім універсітэце ў Бёрклі. Эканаміст выкладаў у Ганконгу, Італіі, Расіі, Аўстрыі.
У 2014-м увайшоў у склад кансультатыўнага савета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, дзе даваў кансультацыі ўраду па пытаннях эканамічнай палітыкі.
Анастасія Несвятайлава (Anastasia Nesvetailova)
Выпускніца эканамічнага факультэта БДУ, а цяпер – дырэктарка аддзела макраэканамічнай палітыкі і палітыкі развіцця ў ЮНКТАД (ААН Гандль і Развіццё) і прафесарка міжнароднай палітычнай эканомікі Лонданскага ўніверсітэта City.
З 2015-га па 2016 год Анастасія была членам эканамічнай кансультатыўнай групы пры ценявым канцлеры Вялікабрытаніі. У 2017–2018 гадах яна працавала дарадцай Камісіі па эканамічнай справядлівасці Вялікабрытаніі.
Сфера яе інтарэсаў ахоплівае фінансы і фінансавыя крызісы, глабалізацыю і кіраванне.
Анастасія — аўтарка шматлікіх акадэмічных артыкулаў і артыкулаў у СМІ аб фінансавых крызісах, стабільнасці і рэгуляванні, а таксама некалькіх кніг.
Апошняя, напісаная ў суаўтарстве ў Ронанам Паланам, “Сабатаж. Бізнэс фінансаў” была выдадзеная ў 2021 годзе сусветна вядомым выдавецтвам Penguin.
Юлія Карасцялёва (Julia Korosteleva)
Юлія Карасцялёва — прафесар эканомікі і бізнэсу ва Універсітэцкім каледжы Лондана (UCL). Яна атрымала доктарскую ступень у галіне эканомікі ва Універсітэце Бата (Вялікабрытанія). У Беларусі Карасцялёва скончыла БДЭУ.
Акрамя навуковых артыкулаў, у сеціве можна знайсці водгукі на ягоныя лекцыі, напрыклад: “Ён клапоціцца пра сваіх вучняў. Ён прыняў мяне ў свой клас, хоць той быў поўны”.
Ігар Ліўшыц (Igor Livshits)
Ігар Ліўшыц — эканамічны дарадца і эканаміст, які спецыялізуецца на пытаннях спажывецкай запазычанасці і банкруцтва, палітычнай эканоміі і чалавечага капіталу ў Федэральным рэзервовым банку Філадэльфіі. Раней быў дацэнтам кафедры эканомікі Універсітэта Заходняга Антарыа.
Будучы ў Беларусі, вывучаў прыкладную матэматыку ў БНТУ. Магістарскую ступень па эканоміцы атрымаў ва Універсітэце Ілінойса, а доктарскую — ва Універсітэце Мінесоты.
Асноўныя вобласці яго даследаванняў: макраэканамічная тэорыя, фінансавыя рынкі, спажывецкія фінансы, палітычная эканоміка, эканамічны рост і развіццё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.