Экс-амбасадар Ігар Ляшчэня: "Нам патрэбныя народныя дэпутаты"

Ігар Ляшчэня / фота з архіву БЕЛТА​
Ігар Ляшчэня / фота з архіву БЕЛТА​

Учора стала вядома, што пачалося абранне дэлегатаў на Усебеларускі народны сход. Як лічыць Ігар Ляшчэня, знойдзецца шмат працоўных калектываў, для якіх вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты так і застанецца таямніцай.

"Але ў кожнага з нас ёсць неад'емнае канстытуцыйнае права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў праз сваіх свабодна абраных прадстаўнікоў", — выкладае свае думкі ў Facebook Ігар Ляшчэня. 

У тым выглядзе, у якім ён задуманы, Усебеларускі сход не прывядзе ні да чаго добрага, лічыць былы беларускі амбасадар у Славакіі Ігар Ляшчэня. 

Таму беларусы павінныя вылучыць 2700 сваіх народных кандыдатаў у дэлегаты і падаць адпаведныя заяўкі ў райвыканкамы і гарвыканкамы. "На сённяшні дзень таямніцай з'яўляюцца тэрміны рэалізацыі кожнага з этапаў вылучэння і абрання кандыдатаў. Пра магчымасць з'яўлення кандыдатаў ад груп грамадзян ніхто нават і не задумваўся. Але няма і спецыяльнага закона, які рэгулюе ўсе гэтыя пытанні, парадак працы, кампетэнцыю, статус Усебеларускага народнага сходу. Адпаведна, няма і ніякіх крытэраў па колькасці подпісаў, неабходных для вылучэння народных кандыдатаў".

Як піша Ляшчэня, задача не ў тым, каб правесці на сход сапраўдных прадстаўнікоў народа, а ў тым, каб паказаць розніцу паміж прадстаўнікамі народа і наменклатуры. 

Для рэалізацыя гэтай ідэі патрэбная шырокая народная падтрымка і выкарыстанне анлайн-платформаў. "У любым выпадку нам патрэбныя нашы, народныя дэлегаты", — заключае экс-амбасадар.

Нагадаў, Ігар Ляшчэня стаў першым беларускім дыпламатам, які выступіў у падтрымку пратэстоўцаў. 16 жніўня ён запісаў відэазварот супраць гвалту, пасля яго падаў у адстаўку, а 24 жніўня быў вызвалены ад пасады. У сярэдзіне верасня Аляксандр Лукашэнка пазбавіў яго дыпламатычнага рангу надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў сувязі са здзяйсненнем учынкаў, якія ганьбяць дзяржаўную службу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі