Экс-дырэктар "Пінскдрэва" Ларан Арыніч знайшоўся ў Беластоку

Пра гэта былы дырэктар "Пінскдрэва" распавёў у інтэрв'ю парталу tut.by. Нагадаем, што сам Арыніч апошнія некалькі гадоў знаходзіцца па-за межамі краіны. У Беларусі ён абвешчаны ў вышук як абвінавачаны па крымінальнай справе. Яе пачалі пасля пажару 25 кастрычніка 2010 года ў цэху па вытворчасці драўняна-стружкавых плітаў фабрыкі "Пінскдрэў-ДСП". У выніку пажару 14 работнікаў прадпрыемства загінулі, 22 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.



Арыніч кажа, што раней ён жыў у сваякоў каля польскага горада Радам. Ужо больш за паўгода знаходзіцца ў Беластоку. Ён вырашыў перабрацца бліжэй да Гродна, дзе ў яго пражываюць дзве дачкі.



Сам былы "чырвоны дырэктар" мае від на жыхарства да 26 верасня 2023 года і дадатковую абарону Польшчы, якая распаўсюджваецца і на іншыя краіны ЕС. Польскае правасуддзе не знайшло падставаў для выдачы яго ў Беларусі, як таго дамагалася Генпракуратура.



Па словах Арыніча, матэрыяльна яго падтрымліваюць дочкі. А пенсію ў памеры 300 долараў атрымлівае жонка, якая засталася ў Беларусі. Арыніч заявіў, што беларускія ўлады хацелі ў яго затанна купіць акцыі "Пінскдрэва" (ён мае 32% акцый прадпрыемства). Цяпер, калі акцыі падаражэлі ў 80 разоў, экс-дырэктар згодны падумаць пра іх продаж.



Гаворачы аб прычынах выбуху, Арыніч не пагаджаецца з афіцыйнай версіяй. Нагадаем, што паводле яе прычынай пажару стаў выбух драўнянага пылу. Экс-дырэктар упэўнены ў версіі, якую агучыў галоўны інжынер холдынгу Шастакоў. Па яго словах, прычынай выбуху стаў газ, бо ў той дзень павінны былі праводзіць зварачныя працы на пелетнай вытворчасці.

Сваёй віны ў здарэнні Арыніч не бачыць. Шкадуе толькі, што мала ганяў падначаленых.



Фота з асабістага архіву Арыніча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі