Баўмгертнера абараняюць адвакаты, што абаранялі Зельцэра, Арыніча, Ліхавіда
Інтарэсы топ-менеджара "Уралкалія", які апынуўся ў СІЗА КДБ, абараняюць беларусы Дзмітрый Гарачка, Дар'я Ліпкіна і Ганна Славіна.
Нагадаем, што расійскіх адвакатаў не дапускаюць да працэсу, бо паміж Расіяй і Беларуссю няма адпаведнай дамовы пра аказанне юрыдычных паслуг.
Як растлумачыў адвакат Гарачка, расіяне могуць кантактаваць з беларускімі калегамі і "ўзгадняць тыя дзеянні, якія не датычаць таямніцы следства".
Следства не перашкаджае адвакатам сустракацца з іх кліентам у СІЗА КДБ. А калі Уладзіслаў Баўмгертнер паведаміў пра нейкія неабходныя лекі, адвакаты перадалі грошы на іх куплю: паводле правілаў, супрацоўнікі СІЗА самі набываюць лекі ў мінскіх аптэках.
Інтэрнэт-выданне "Ежедневник" адзначае, што Дзмітрый Гарачка вядомы як адвакат амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра, а таксама дырэктара "Пінскдрэва" Ларана Арыніча. Дар'я Ліпкіна абараняла ўдзельніка Плошчы-2010 Мікіту Ліхавіда. Ганна Славіна ў гучных працэсах не заўважаная. Яна кіруючы партнёр адвакацкага бюро "Ганна Славіна і Партнёры".