Экс-гендырэктар “Трансавіяэкспарта” атрымаў сем гадоў турмы
Сёлета ў красавіку яго арыштавалі падчас атрымання хабару ў 30 тысяч долараў.
Суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд былому генеральнаму дырэктару ААТ “Авіякампанія Трансавіяэкспарт” Вадзіму Мельніку. Ён асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Мельнік быў затрыманы сёлета ў красавіку па падазрэнні ў замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры. Паводле следства, ён вырашыў выкарыстаць у карысных мэтах жаданне замежнай кампаніі прыватызаваць “Трансавіяэкспарт”, які знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці. Падчас сустрэчы з інвестарамі ён спаслаўся на знаёмства з чыноўнікамі, упаўнаважанымі на правядзенне аўкцыёну па продажы кампаніі. Мельнік пераканаў суразмоўцаў, што за хабар можна дамагчыся станоўчага вырашэння пытання ў інтарэсах інвестара. Пры гэтым ён прапанаваў свае паслугі пасярэдніка.
Пры гэтым следства высветліла, што дырэктар не мог паўплываць на вынікі аўкцыёну і проста хацеў узбагаціцца. Яго затрымалі падчас атрымання грошай, якія былі часткай сумы, прызначанай для хабару, паведамляе БелаПАН.
Фота з архіву