Экс-кіраўніка "Магілёўсаюздруку" вінавацяць у крадзяжы 280 мільёнаў
Следства наклала арышт на яго кватэру, тры аўтамабілі і дарагую бытавую тэхніку.
У Магілёве 8 траўня затрымалі кіраўніка ААТ "Магілёўсаюздрук". Яго вінавацяць у крадзяжы грошай. Як кажа афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, з лютага 2014-га па сакавік 2015 года дырэктар прадпрыемства скраў больш за 280 млн рублёў.
На маёмасць абвінавачанага сумай больш за 21 мільярд рублёў накладзены арышт, піша mogilevnews.by. У гэты пералік трапілі кватэра, тры аўтамабілі і дарагая бытавая тэхніка.
Дзеянні зламысніка кваліфікаваныя як крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Яго ўзялі пад варту.
Фота — mogsp.by