Экс-маладафронтаўца Змітра Каспяровіча дэпартавалі з Расіі... у Польшчу
Экс-маладафронтаўца Змітра Каспяровіча дэпартавалі з Расіі ў Польшчу. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.
“Мы ляцелі з Варшавы ў Індыю праз Маскву, — распавядае мужчына Еўрарадыё. — У Маскве пры пасадцы ў нас адабралі пашпарты і сказалі “ляціце куды-заўгодна, але ў Маскве застацца не можаце”. У Індыю мы не вылецелі па віне тураператара”.
Што вядома пра Змітра Каспяровіча?
Яшчэ са школьнага ўзросту (з 15 гадоў) Зміцер стаў актывістам моладзевай фракцыі БНФ, пасля — адным з заснавальнікаў “Маладога Фронту”. Абіраўся сябрам Рады гэтай арганізацыі. З 2009 году — лідэр “Маладой Беларусі”. У 2001 годзе быў адным з абаронцаў мэмарыяльнага комплексу ў Курапатах.
У 2006 годзе супраць актывіста была узбуджаная крымінальная справа па падазрэнні ў знявазе дзяржаўных сімвалаў. Зміцер Каспяровіч спрабаваў зняць афіцыйны сцяг з будынку Мінгарвыканкаму, бо лічыць яго сталінскім.
Па арт. 370 Крымінальнага кодэксу “Знявага дзяржаўных сімвалаў” не прадугледжваецца пазбаўленне волі (максімальнае пакараньне — 1 год абмежавання волі), а таксама ўтрыманне пад вартай да суду. Аднак абвінавачванне актывісту было прад’яўленае па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), і пакараньне, прадугледжанае па гэтым артыкуле — 3 гады пазбаўленьня волі. Мерай стрымання пракуратура абрала ўтрыманне пад вартай. Да суду Зміцер Каспяровіч знаходзіўся ў мінскім СІЗА.
27 лютага суд Маскоўскага раёна Мінска вынес рашэньне па справе — арышт тэрмінам на пяць месяцаў. Актывіст не пагадзіўся з абвінавачваннем і заявіў, што гатовы адказваць за знявагу дзяржаўнага сцягу, але не за хуліганства. Прысуд быў абскарджаны адвакатам, аднак скарга была пакінутая без задавальнення, а прысуд без зменаў.
Пакаранне Зміцер адбываў у турме горада Жодзіна. 28 красавіка 2006 года быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова.
Апошнім часам актывіст жыў у Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.