Эксперт: Абгрунтаванні ўладаў іх ініцыятывы ўшчыльняць Мінск – некарэктныя
Лідар грамадзянскай ініцыятывы “Еўрапейская перспектыва” Віктар Янчурэвіч бачыць больш разумныя рашэнні, каб змагацца з перанаселенасцю сталіцы.
Еўрарадыё: У нас увесь час папулярызуюць вёску. Чаму людзі ўсё адно едуць у горад, ды не проста ў горад – а ў сталіцу?
Янчурэвіч: Людзі хочуць жыць у сталіцы, бо ў сталіцы больш магчымасцей, каб самарэалізавацца, зарабіць грошай. Акрамя гэтага сталіца мае добрую інфраструктуру для адпачынку: шмат кавярняў, рэстараны, тэатры, кінатэатры – усё гэта прыцягвае людзей. У аграгарадках – як бы яны не будаваліся – усё роўна няма гэтага. Людзям проста няма куды сябе падзець у вольны час, і застаецца ўжываць алкагольныя напоі, або кудысьці ўцякаць.
Еўрарадыё: Але сталіца таксама не гумовая... Невядома, ці змесціць яна ўсіх. Як вырашыць гэтую праблему урбанізацыі?
Янчурэвіч: Сапраўды, Мінск не гумовы, і сталіца не зможа змясціць усіх беларусаў – наўрад ці гэта патрэбна. Таму, замала займацца толькі ўшчыльннем Мінска. Трэба развіваць і абласныя цэнтры. Можна запусціць праграму развіцця гарадоў-спадарожнікаў. Яе рэалізацыя была задэклараваная, але да канкрэтных крокаў так і не дайшло. Такім чынам можна было б заахвоціць людзей жыць не толькі ў сталіцы, але і ў невялічкіх гарадах. Каб былі магчымасці самарэалізоўвацца, знайсці добрую працу і мець магчымасць адпачыць, не выязджаючы з гэтага гарадка. Думаю, што людзі з радасцю жылі б у невялікіх гарадах.
Еўрарадыё: Але дэпутатка Галіна Палянская кажа, што трэба ўшчыльняць забудову ў сталіцы, каб знайсці працу для будаўнікоў, якія вярнуліся ў сталіцу з Масквы. Каб тыя зноў туды не з’ехалі. Ці лагічна абгрунтоўваць ушчыльненне Мінска працаўладкаваннем будаўнікоў?
Янчурэвіч: Канструкцыя прапановы нелагічна пастроеная. Па-першае, будаўнікі з’ехалі, але яшчэ не вярнуліся. Па-другое, трэба не проста даць людзям працу, але і прапанаваць адэкватны заробак. Каб яны маглі больш зарабіць – трэба не проста ўшчыльняць горад Мінск, але зрабіць так, каб будаўніцтва мела меншыя выдаткі і была магчымасць плаціць будаўнікам большы заробак. Праграма ўшчыльнення Мінска не вырашыць праблемы чаргі людзей, якія не маюць жытла.
Еўрарадыё: Як вырашыць праблему нерацыянальнага выбару тэрыторыі будаўніцтва? Замест выкарыстання тэрыторыі былых заводаў у нас “ушчыльняюць” паркі і месцы адпачынку.
Янчурэвіч: Цераз тое, што прыватызацыя адбываецца ў нас не вельмі празрыста, мы не ведаем, у якім стане знаходзяцца ў нас прадпрыемствы, якія не працуюць, або працуюць неэфектыўна. І якія планы ў горада наконт прадпрыемства. У парку Саракагоддзя кастрычніка будуецца гатэль "Пекін". Там насупраць таксама знаходзяцца закінутыя будынкі нейкага прадпрыемства. Жыхары прасілі пабудаваць гатэль менавіта на тэрыторыі гэтага прадпрыемства. Але ў выніку аказалася, што тое ўжо таксама не належыць гораду і некаму прададзенае. І планы ўласніка на тую тэрыторыю невядомыя.
Еўрарадыё: А ці не было б выгадней таму ўласніку, каб гатэль быў пабудаваны на яго тэрыторыі?
Янчурэвіч: Невядома, якія той меў мэты, калі прыняў рашэнне набыць тэрыторыю прадпрыемства. Таму, пакуль не будзе празрыстасці, гэтыя праблемы будуць вырашацца вельмі складана. А што да таго, каб ушчыльняць Мінск, каб даць людзям жыллё – гэта не зусім карэктнае абгрунтаванне. Бо чэргі вельмі вялікія, і ў Мінску і так не хопіць тэрыторый, даць кватэры ўсім.