Эксперт: Пакуль не позна, Беларусі трэба пакінуць за сабой іранскую нафту
На ўсходнім фронце без пераменаў: перамовы па пастаўках расійскага газу ў Беларусь з 4 лютага не прасунуліся ні на крок. Віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч "чакае прапановаў" ад беларускага боку. Але беларусы прапануюць толькі скінуць цэны на газ з $132,77 да $83 за тысячу кубаметраў. І ўжо год плацяць нешта сярэдняе паміж гэтымі дзвюма лічбамі — $107.
Газавае пытанне Расія звязвае з нафтавым і цісне на беларускі ўрад скарачэннем бяспошлінных паставак "чорнага золата". Ужо зараз ёсць пагроза, што ў 2017 годзе Беларусь атрымае 12 млн тон расійскай нафты, то бок крыху больш за палову ад патрэбнага аб'ёму паставак. Нафтаперапрацоўчым заводам у Мазыры і Наваполацку не хапае сыравіны, каб працаваць у поўную моц. Але якраз у гэтым дырэктар украінскай "Кансалтынгавай групы А-95" Сяргей Куюн бачыць магчымасці для беларускай эканомікі.
Расіяне рыхтуюць Беларусь да пераходу на рынкавыя рэйкі
Еўрарадыё: У спробах Беларусі наладзіць рэгулярныя пастаўкі нафты праз Украіну, у абыход Расіі, больш палітычнага гандлю ці рэальных планаў?
Сяргей Куюн: Па маіх адчуваннях, першага. Бо на ўкраінскім напрамку пакуль што цішыня. А калі нехта хоча нешта пастаўляць, пра гэта адразу ведаюць на рынку, бо задзейнічаныя і перавозчыкі, і сюрвееры, і трэйдары, і транспартыроўшчыкі (і па марскім транспарце, і па сухапутным). Пакуль што гэтага няма.
Еўрарадыё: Украіна, калі набывала расійскі газ, таксама вяла цяжкія перамовы і сутыкалася з ціскам.
Сяргей Куюн: Размовы пра тое, што мы тэарэтычна можам нешта аднекуль пастаўляць, як правіла, не працуюць. Каб весці перамовы, неабходна мець альтэрнатыўны канал паставак, які рэальна працуе. У нас гэта былі пастаўкі газу з Еўропы — калі яны пачынаюцца, адразу ж і танальнасць, і, што характэрна, кошты змяняюцца. Бо ўсе разумеюць, што ёсць альтэрнатыва. Але я не ведаю, наколькі гэтым досведам можа скарыстацца Беларусь, бо трэба разумець, што яна ад пачатку знаходзіцца не ў рынкавай сітуацыі.
Еўрарадыё: Што гэта значыць?
Сяргей Куюн: Нафта з Расіі нярынкава танная. Сёння яна таннейшая як мінімум на памер экспартнай пошліны, а гэта прыкладна на $100 за тону. Гэта даволі вялікія грошы. Можна сказаць шчыра: ніякая альтэрнатыўная крыніца не дасць лепшы кошт.
Альтэрнатыва — гэта заўжды дорага, а мы сёння параўноўваем не проста з рынкавым коштам на расйіскую нафту, а з ільготным коштам. Таму зразумела, што беларускія ўлады сёння шукаюць метады і словы, каб дамагчыся паставак у мінулым аб'ёме. Але іншая справа — гэта праца на стратэгічную перспектыву.
Мне, напрыклад, падаецца (і ва Украіне гэтае меркаванне папулярнае), што расіяне рыхтуюць Беларусь да пераходу на рынкавыя рэйкі. Бо Расіі папросту нявыгадна пастаўляць нафту ў Беларусь. Яны губляюць па $100 на кожнай тоне. Пытанне: навошта ім гэтыя страты?
"У Мінску шмат хто жыве надзеяй узнавіць стасункі з Расіяй па нафце"
Еўрарадыё: То бок, час "нафты ў абмен на пацалункі" мінае?
Сяргей Куюн: Так, гэты час мінае, бо кожная льгота мае свой канец. Льгота — гэта часова, і гэта трэба раз і назаўжды зразумець. І, зыходзячы менавіта з гэтага, спрабаваць выбудаваць альтэрнатыву. Тым больш, што сёння няма гаворкі пра тое, каб у адзін момант адмовіцца ад расійскай нафты.
Еўрарадыё: Але расіяне ўжо знізілі пастаўкі.
Сяргей Куюн: Так, і гэта значыць, што ўжо цяер ёсць магчымасці прапрацаваць альтэрнатыўныя шляхі. Баяцца беларускім ўладам няма чаго, ніякай канфліктнасці ў гэтым няма. Ёсць на НПЗ вольныя магутнасці на 2-3 млн тон дакладна, якімі можна было б скарыстацца для адпрацоўкі маршрутаў. Ёсць разлікі ўдзельнікаў рынку. З ільготным рэжымам канкураваць немагчыма, але калі ўявіць, што расійская нафта заходзіць у Беларусь па рынкавых коштах, нават іранскія пастаўкі сёння выглядаюць канкурэнтаздольнымі.
Еўрарадыё: Якраз з Ірана Беларусь спрабуе прывезці нафту праз Украіну.
Сяргей Куюн: Іранская нафта можа канкураваць з расійскімі пастаўкамі, бо яна вельмі танная. І тут размова пра тое, каб паспець скокнуць у гэтую лодку. Цяпер вельмі спрыяльны перыяд. Іран шукае сваё месца на рынку. Спрабуе вярнуць сабе пазіцыі, якія меў да заходніх санкцый. А што гэта азначае? Што ён дае вельмі добрыя кошты на свае рэсурсы. І менавіта цяпер час добрыя аб'ёмы па добрых коштах пакінуць за сабой. Бо што будзе праз паўгода? Іран свае рэсурсы размяркуе і выраўняе цэны з астатнімі на рынку. І гэтае акно магчымасцяў закрыецца. Сёння ў Беларусі ёсць магутнасці і магчымасць паўдзельнічаць у гэтай сітуацыі. Але я бачу, што ў Мінску шмат хто жыве надзеяй узнавіць стасункі з Расіяй па нафце. А я, калі шчыра, вельмі сумняваюся ў магчымасці гэтага.
"Не будзе таго прыбытку, які цяпер ёсць на расійскай нафце. Але ж і той нафты няма!"
Еўрарадыё: А ўкраінская транспартная сістэма гатовая да дадатковай нагрузкі?
Сяргей Куюн: Яна і 20 млн тон качне, калі будзе трэба. Запас магутнасцяў аграмадны. Раней расійскія пастаўкі ў Беларусь былі роўныя 22 млн тон. Цяпер у першым квартале далі 4 млн, то бок, па годзе будзе 16 млн. Магутнасцяў хапае. Але я добра разумею, чаму Мінску цяжка змірыцца з пераменамі. Гэта як два розныя светы: льготны свет ЕАЭС і рэальны, у якім жывуць усе астатнія.
Еўрарадыё: Скарачэнне расійскіх паставак балюча б'е па беларускім бюджэце.
Сяргей Куюн: Вялікі рынак збыту для беларускіх нафтапрадуктаў — Украіна, якая набывае нафту па сусветных коштах. Без расійскіх ільгот, маржа ад якіх асядае недзе ў Беларусі. Але нават калі Беларусь сёння па рынкавым кошце будзе набываць нафту і па рынкавым кошце прадаваць паліва, маржа нафтаперапрацоўкі за кошт мадэрнізацыі беларускіх заводаў (і, у прыватнасці, Мазырскага НПЗ) будзе абсалютна нармальнай. Гэтая перапрацоўка не будзе стратнай. Так, не будзе таго прыбытку, які цяпер ёсць на расійскай нафце. Але ж і той нафты няма! Адпаведна, няма і прыбытку: ні вялікага, ні малога! А для завода дадатковая загрузка — гэта зніжэнне удзельнага сабекошту прадукцыі.
Сяргей Куюн — дырэктар "Кансалтынгавай групы А-95", эксперт па пытаннях энергетыкі. Працаваў у кампаніі UPECO, рэдагаваў прафесійны штотыднёвік "НафтаРынак".