Эксперты: Парашэнка выціснуў з перамоваў у Мінску ўсё магчымае

Украінскі палітолаг Віталь Портнікаў у размове з Еўрарадыё параўноўвае мінскія перамовы з перамовамі, якія некалі пачаў Ізраіль з Ясерам Арафатам. Па яго словах, самым галоўным поспехам перамоваў у Мінску, якія праходзілі 26 жніўня, з’яўляецца тое, што за стол перамоваў па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе ўдалося пасадзіць кіраўніка краіны, адказнай за гэты канфлікт, — Уладзіміра Пуціна. І выказвае спадзяванні, што ў выніку перамоўны працэс дапаможа Украіне справіцца з канфліктам на ўсходзе краіны.

Віталь Портнікаў:Будуць працягвацца ваенныя дзеянні на Данбасе і будзе эскалацыя сітуацыі, але будуць адначасова і перамовы. І гэтыя перамовы не дадуць Расійскай Федэрацыі і яе дыверсантам развіць ініцыятыву. І такім чынам нам паступова ўдасца вывесці гэта з ваеннай у палітычную фазу, аднавіць тэрытарыяльную цэльнасць дзяржавы на ўсходзе і пачаць кансультацыі аб вяртанні Украіне тэрыторыі Аўтаномнай рэспублікі Крым і Севастопаля, якія да гэтага часу ўтрымліваюцца расійскімі акупантамі”.

                             Віталь Портнікаў і Арсеній Яцанюк

Што тычыцца дамоўленасці наконт правядзення кансультацый паміж кіраўнікамі Памежных ведамстваў Украіны і Расіі па перакрыцці расійска-ўкраінскай мяжы, то, лічыць Портнікаў, да імгненнага спынення вайны на Данбасе гэта не прывядзе. Але перашкодзіць Расіі накіроўваць сепаратыстам “масіраваную ваенную дапамогу”. Што ў выніку дасць магчымасць украінскім вайскоўцам знішчыць тэрарыстаў. І гэта таксама вынік “мінскай сустрэчы”, падводзіць вынік Віталь Потрнікаў.

Пётр Парашэнка выціснуў з мінскіх перамоваў усё магчымае, упэўнены ўкраінскі палітычны аналітык Яўген Магда. І асабліва адзначае вынік двухбаковых перамоваў двух прэзідэнтаў — наконт перакрыцця ўкраінска-расійскай мяжы. А вось асаблівых спадзяванняў на тое, што па выніку дамоўленасці будуць вызваленыя ўсе захопленыя баевікамі закладнікі, раіць не ўскладаць.

Яўген Магда: “Казаць пра тое, што Расія здольная паўплываць на лёс усіх закладнікаў, захопленых ДНР і ЛНР, я б не стаў. Яны, зразумела, арыентуюцца на Крэмль, але там ёсць розныя групы ўплываў і пэўная “атаманшчына”.

                                          Яўген Магда

Што да вынікаў перамоваў, то суразмоўца Еўрарадыё канстатуе: не для таго Расія ішла на такую эскалацыю канфлікту на Данбасе, каб імгненна здаць назад на першых жа перамовах. Таму наперадзе доўгі перамоўны шлях, для якога трэба стварыць сваю “дарожную мапу”. Што і прапануе зрабіць Пётр Парашэнка.

Пазітыўным вынікам перамоваў эксперт міжнароднага і еўрапейскага права Вадзім Трухан таксама называе і сам факт сустрэчы, і тое, што дасягнутая дамоўленасць па перакрыцці ўкраінска-расійскай мяжы, і што будуць вырашацца спрэчныя энергетычныя пытанні паміж Расіяй, Украінай і ЕС. І звяртае ўвагу на негатыўныя вынікі мінскай сустрэчы.

Вадзім Трухан: “Негатыў сустрэчы ў тым, што не ўдалося дамовіцца пра фармат, час і павестку дня наступных перамоваў. Бо нягледзячы на тое, што не было прарыву, не было і правалу, а галоўная мэта — спыненне ваенных дзеянняў і ўсталяванне міре — дасягнутая не была. Таму неабходны наступны раунд перамоваў”.

                                        Вадзім Трухан

Украіне, дадае эксперт, неабходна дамагчыся пераводу перамоваў у так званы “Жэнеўскі фармат +”. І ўдзел у іх павінныя браць не толькі прадстаўнікі Украіны і Расіі, але і прадстаўнікі ЕС на ўзроўні прэзідэнта Еўракамісіі Жазэ Барозу, прадстаўнікоў ЗША, а таксама ААН і АБСЕ.

Даволі песімістычна ацэньвае вынікі перамоваў эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносінаў Аркадзь Мошас.

Аркадзь Мошас: “Сітуацыя ў зоне канфлікту працягвае пагаршацца. Таму, напэўна, добра, што гэтая сустрэча адбылася, але казаць пра тое, што яна была карыснай з пункту гледжання вырашэння канфлікту і нават наладжвання расійска-ўкраінскага дыялогу, пакуль рана”.

                        Аркадзь Мошас

Не бачыць фінскі эксперт, у адрозненне ад Віталя Портнікава, і відавочных перспектыў для пераводу канфлікту з ваеннай у дыпламатычную фазу. Да гэтага, кажа, не гатовыя ні Масква, ні Кіеў. Бо Кіеў добра бачыць на прыкладзе Малдовы, Грузіі ды Азербайджана: як толькі ваенная фаза спынялася і ўсталёўвалася сітуацыя “замарожанага канфлікту”, цэнтральная ўлада адразу страчвала кантроль над гэтай тэрыторыяй. А страчваць Данбас Кіеў і не хоча, і не можа — гэта будзе палітычная смерць для Пятра Парашэнкі.

                                              Пётр Парашэнка

Ніхто прыняцця прарыўных рашэнняў на сустрэчы ў Мінску не чакаў і кожны з перамоўнікаў застаўся пры сваім меркаванні адносна мірнага ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. А вось эканамічная частка сустрэчы была больш выніковая. Дзякуючы Пуціну, дзеліцца ўражаннямі з Еўрарадыё дырэктар расійскага паліталагічнага цэнтра “Поўнач-Поўдзень” Юлія Якушава.

Юлія Якушава: “Паказальна, што Расія на перамовах адстойвала найперш пытанні эканамічнага характару: размова ішла пра перамовы ў фармаце Мытны Саюз-ЕС-Украіна, а Мытны саюз — гэта выключна эканамічнае аб’яднанне. А тое ж пытанне паставак газу знаходзіцца ў тупіку, і гэта прызнае і Расія, і Украіна. І пазітыўныя вынікі ў гэтым пытанні відавочныя”.

Маецца на ўвазе, што бакі дамовіліся ўжо 6 верасня правесці перамовы па энергетычным пытанні у фармаце Украіна-Расія-ЕС. Затое ўсе суразмоўцы прызнаюць: у безумоўным выйгрышы застаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён не толькі цяпер выглядае як міратворац, але і дабіўся “дыпламатычнага прарыву”, прымаючы ўпершыню за столькі гадоў у гасцях высокіх прадстаўнікоў ЕС на чале з Кэтрын Эштан.

                                                    Кэтрын Эштан

Фота: Змітра Лукашука, з архіва Віталя Портнікава, Яўгена Магды, Вадзіма Трухана, www.ridus.ru,

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі