Эмінем забараніў рэспубліканцу чытаць свой рэп — #ІхНоравы
Іх норавы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Дрэнныя навіны прыходзяць не толькі з Беларусі. Гэта штодзённы кароткі агляд навін з усяго свету — не, не толькі дрэнных.
Хто заменіць Трампа?
У Беларусі восенню будуць выбары ў парламент. Нічога не прадвяшчае забавы, таму глядзім, як праходзяць сапраўды цікавыя выбары.
Пакуль Дональд Трамп ходзіць па судах, за магчымасць прадставіць рэспубліканцаў на прэзідэнцкіх выбарах ідзе змаганне. І адзін з яркіх прэтэндэнтаў — мультымільянер індыйскага паходжання без вопыту ў палітыцы, 38-гадовы Вівек Рамасвамі. Ён пазіцыянуе сябе як аўтсайдар, які хоча працягнуць працу над праграмай Трампа "Амерыка перадусім" — але з уласным падыходам.
Напрыклад, ён прапануе падвысіць узрост выбаршчыкаў да 25 гадоў. Лічыць, што Украіна павінна пайсці на саступкі Расіі дзеля спынення вайны. А яшчэ хоча скасаваць ФБР, Міністэрства адукацыі і падатковую службу — маўляў, ужо ёсць ведамствы, якія займаюцца сумежнымі пытаннямі.
Калі Трамп адцягне сваю ўвагу ад судоў, яму давядзецца папрацаваць над спічамі, каб стаць адыёзнейшым за Рамасвамі палітыкам.
Не ўсім гэты пачатковец у палітыцы даспадобы. Нядаўна Рамасвамі зладзіў імправізаваны выступ "Lose Yourself" у штаце Аёва — пераспяваў рэп Эмінема.
І адвакаты музыканта адразу ж напісалі яму ліст з просьбай больш не выкарыстоўваць яго песні на сваіх перадвыбарчых мітынгах.
"Да жалю амерыканскага народа, нам прыйдзецца пакінуць выкананне рэпа сапраўднаму Slim Shady (адзін з псеўданімаў Эмінема)", — паведаміла прэс-сакратарка палітыка.
Наогул, гэта ўжо традыцыя для амерыканскай палітыкі. Пачынаецца перадвыбарчая кампанія — і музыкі шлюць лісты прэтэндэнтам з просьбамі не выкарыстоўваць іх песні. Напрыклад, Трамп атрымаў дзясяткі такіх лістоў — ад Rolling Stones, Queen, Адэль і Фарэла Уільямса.
Чамусьці маем упэўненасць, што плэйліст парламенцкіх выбараў у Беларусі нас наўрад ці здзівіць.
Запалохаць сваякоў загінулых і актывістаў
Калі вы думаеце, што дно не можа намацаць толькі Беларусь, тады вось вам навіны з Ірана.
У верасні — першая гадавіна смерці Махсы Аміні, дзяўчыны, якая сканала пасля затрымання паліцыяй нораваў. Год таму яе смерць справакавала маштабныя пратэсты па ўсёй краіне. Зараз жа арыштоўваюць актывістаў і сваякоў тых, хто загінуў у тых дэманстрацыях, піша CNN.
На гэтым тыдні Amnesty International апублікавала справаздачу, у якой гаворыцца: сем'і 33 чалавек, забітых у дні пратэстаў, зазналі парушэнні правоў чалавека. А сем'і двух чалавек, пакараных смерцю ў сувязі з пратэстамі — пераслед і запалохванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.