Ермаковіч: БАТЭ ў матчы з "Атлетыкам" хоча рэабілітавацца (відэа)
30 верасня барысаўчане правядуць чарговы матч групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў.
На "Барысаў-Арэне" яны будуць прымаць "Атлетык" з Більбаа (Іспанія), які ў першым туры згуляў унічыю 0:0 з данецкім "Шахцёрам". БАТЭ, як вядома, пацярпеў у гасцях разгромнае паражэнне ад "Порту" — 0:6.
Напярэдадні заўтрашняга матча галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч неаднаразова падкрэсліў, што ў каманды ёсць жаданне рэабілітавацца перад сваімі заўзятарамі.
Ермаковіч: "Хочацца рэабілітавацца пасля няўдалай гульні ў Партугаліі. Найперш нам хочацца самім даказаць, што мы можам гуляць і супрацьдзейнічаць добрым камандам, добрым футбалістам у Еўропе. Таму мы поўныя рашучасці рэабілітавацца і будзем старацца зрабіць усё, што ад нас залежыць".
Паводле слоў Ермаковіча, ён верыць у футбалістаў і спадзяецца, што яны псіхалагічна справяцца з няпростай сітуацыяй. Дарэчы, з-за прастуды заўтра не згуляе Дзмітрый Ліхтаровіч, пашкоджанне мае Віталь Радзівонаў.
Матч БАТЭ — "Атлетык" пачнецца ў аўторак у 21.45.
На здымку: Аляксандр Ермаковіч і Мікалай Сігневіч. Фота — fcbate.by