ЕС асудзіў чарговы смяротны прысуд у Беларусі

ЕС асудзіў чарговы смяротны прысуд у Беларусі

Еўрасаюз асудзіў чарговы смяротны прысуд у Беларусі, канчаткова зацверджаны ў дачыненні жыхара Гомеля 34-гадовага Сяргея Вострыкава. Як адзначаецца ў заяве прэс-службы Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Вярхоўны суд за бягучы год пацвердзіў ужо чацвёрты смяротны прысуд. Апроч таго, сёлета ў красавіку быў пакараны смерцю Сяргей Іваноў, і таксама былі высененыя яшчэ два смяротныя прысуды.

Еўрапейскі саюз зноў падкрэслівае сваё рашучае непрыманне вышэйшай меры пакарання.

“Смяротнае пакаранне — гэта бесчалавечнае і прыніжальнае абыходжанне, чыя роля як фактара стрымлівання нічым не даказаная і якое робіць судовыя памылкі незваротнымі. Працяг прымянення смяротнага пакарання супярэчыць заяўленай Беларуссю гатоўнасці разгледзець магчымасць увядзення мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання. Гэтае абавязальніцтва было таксама прынятае Беларуссю ў адказ на рэкамендацыі, зробленыя Саветам ААН па правах чалавека ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду”, сказана ў заяве.

Таксама ЕС нагадвае, што Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне, таму ёй належыць увесці мараторый у якасці першага кроку да яго адмены.

Нагадаем, што Сяргей Вострыкаў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх жанчын і быў асуджаны да расстрэлу ў траўні гэтага года. Яго прызналі вінаватым у жорсткім забойстве, а таксама ў згвалтаванні і выкраданні. Пасля гэтага адвакат і абвінавачаны звярталіся з апеляцыяй ў Вярхоўны суд.

Вострыкаў мае права звярнуцца з просьбай аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Аднак вядомы толькі адзін выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка памілаваў асуджанага да расстрэлу. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі