ЕС прыгразіў падарваць эканоміку Венгрыі, калі яна заблакуе дапамогу Украіне
Канцлер Германіі Олаф Шольц, прэм'ер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан і прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан на саміце ЕС летам 2023 года
Еўрасаюз гатовы падарваць эканоміку Венгрыі, калі яна зноў адмовіцца ўзгадніць дапамогу Украіне, піша Financial Times. План дзеянняў, скіраваны на "эканамічныя слабасці" Венгрыі, ужо распрацаваны. Яго збіраюцца выкарыстаць, калі прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан рызыкне на гэтым тыдні чарговым разам заблакаваць вылучэнне €50 млрд дапамогі Украіне.
Перш за ўсё Венгрыю пагражаюць адключыць ад праграм фінансавання ЕС. Акрамя таго, прадугледжаныя крокі па аслабленні нацыянальнай валюты і зніжэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны. Гэтыя крокі могуць нанесці шкоду "працоўным месцам і эканамічнаму росту", гаворыцца ў дакуменце.
Адной з праблем Венгрыі застаецца вельмі высокая інфляцыя, а таксама самы высокі ў ЕС узровень плацяжоў па абслугоўванні доўгу. Калі Орбан зноў заблакуе дапамогу Украіне, то іншыя лідары краін ЕС гатовыя публічна заявіць пра поўнае спыненне фінансавання Венгрыі, каб "напалохаць рынкі", піша выданне.
Венгерскі міністр па справах ЕС Янаш Бока заявіў Financial Times, што не ведае пра такія пагрозы, але Венгрыя, паводле ягоных слоў, "не паддаецца ціску". Пры гэтым ён расказаў, што Будапешт скіраваў у Брусель сваю прапанову: венгерскія ўлады папярэдне згодныя на вылучэнне дапамогі Украіне, але афіцыйна пацвердзяць гэтую пазіцыю толькі ў тым выпадку, калі атрымаюць дазвол змяніць сваё рашэнне ў будучыні.
Нагадаем, на саміце Еўрасаюза, які адбыўся ў сярэдзіне снежня, Венгрыя заблакавала вылучэнне дапамогі Украіне. Гэтае пытанне будзе разгледжанае паўторна на спецыяльна скліканай сустрэчы 1 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.