У Еўрасаюзе прыдумалі новы план ваеннай дапамогі Украіне — WSJ
Вайна ва Украіне
У Еўрасаюзе прыдумалі новы план ваеннай дапамогі Украіне. Ён прадугледжвае выдзяленне больш за 20 млрд еўра на працягу наступных чатырох гадоў праз новы фонд, які будзе папаўняцца на 5 млрд еўра ў год у 2024-2027 гады, піша The Wall Street Journal.
У 2022-м у пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ЕС праз Еўрапейскі фонд міру выплаціў 5,5 мільярдаў еўра краінам-чальцам, якія пастаўлялі Кіеву зброю, боепрыпасы, танкі і ракеты супрацьпаветранай абароны з наяўных у іх запасаў. Але летась Венгрыя блакавала любыя выплаты з гэтага фонду для краін-чальцоў ЕС на працягу больш чым шасці месяцаў, патрабуючы ад Украіны пэўных саступак. Акрамя таго, некаторыя ўдзельнікі Еўрасаюза вычарпалі свае запасы да такога ўзроўню, што не могуць прадастаўляць новыя значныя аб'ёмы дапамогі.
Улічваючы гэтыя цяжкасці, знешняя служба ЕС і прапануе стварыць спецыяльны ваенны фонд для Украіны, які б паглынуў частку пакінутых актываў Еўрапейскага фонду міру і штогод папаўняўся б. Гэтыя грошы мяркуецца выкарыстоўваць для кампенсацыі краінам за сумесную закупку ваеннай дапамогі для Украіны. Паводле прыблізных падлікаў, сёлета Еўрасаюз можа прапанаваць кампенсацыю за вайсковую дапамогу на суму 7,5 млрд еўра.
Новы праект дазваляе невялікім дзяржавам ЕС аб'яднаць свае рэсурсы ў сумесных закупках, каб аказаць большы ўплыў на дапамогу ва Украіне, адзначае выданне. Аўтары плана лічаць, што фонд аблегчыць еўрапейскім урадам задачу сумесна працаваць над тым, якія рэсурсы больш неабходныя Кіеву.
Мяркуецца, што афіцыйнае абмеркаванне плана пачнецца ў бліжэйшыя дні. Лідары ЕС яго могуць разгледзець на саміце 1 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.