ЕС ухваліў першы транш дапамогі Украіне ад замарожаных расійскіх актываў
Еўрасаюз пералічыць на падтрымку Украіны замарожаныя расійскія грошы
На сустрэчы 24 чэрвеня міністры замежных спраў краін ЕС ухвалілі першы транш ваеннай дапамогі Украіне ў памеры 1,4 млрд еўра, перадае Бі-Бі-Сі. Гэтыя сродкі вылучаюцца з адсоткаў на замарожаныя расійскія актывы.
Грошы будуць накіраваныя праз Фонд дапамогі Украіне (UAF). Сродкі пойдуць не на кампенсацыю ўжо зробленых выдаткаў, а на прамыя закупкі ўзбраення. Прычым чвэрць гэтай сумы плануецца выдаткаваць на закупкі ва ўкраінскіх прадпрыемстваў.
Раней перавод сродкаў блакавала Венгрыя. Але юрыдычная служба Савета Еўропы заявіла, што афіцыйны Будапешт не мае права спыніць гэтыя плацяжы, бо ён устрымаўся пры галасаванні аб стварэнні фонду на пачатку года.
Прадстаўнікі ЕС запэўніваюць, што вета Венгрыі можна абыйсці, бо грошы ў фонд паступаюць не ад еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў. Пры гэтым сённяшняе рашэнне не патрабуе аднагалоснай падтрымкі, таму Венгрыя нават пры жаданні не можа яго заблакаваць.
Міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта заявіў, што яго краіна плануе вывучыць прававыя магчымасці для абскарджання гэтай пастановы ЕС. Венгрыя працягвае блакаваць выплату 6,6 млрд еўра ў рамках UAF — гэтыя грошы павінны стаць частковай кампенсацыяй за зброю, закупленую для Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.